Алесю Бяляцкаму – 60 (абноўлена)
Беларускаму праваабаронцу, грамадскаму дзеячу і пісьменніку Алесю Бяляцкаму 25 верасня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння. 14 месяцаў Алесь знаходзіцца за кратамі.

У 1986 годзе ён быў адным з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, потым – старшынёй гэтай арганізацыі.
У 1988 годзе Алесь Бяляцкі выступіў адным з заснавальнікаў таварыства “Мартыралог Беларусі”, сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту. У 1990 годзе ён быў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.
У 1992—1996 гадах Алесь Бяляцкі з’яўляўся дэпутатам Менскага гарадскога савета. Працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. З 1996 года кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна».
У 2007 годзе Алеся Бяляцкага абралі віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH), у 2013 годзе яго пераабралі на трэці тэрмін.
4 жніўня 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011года ён быў прысуджаны да 4,5 гадоў у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за «ўтойванне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Краіны Еўразвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Алеся Бяляцкага палітвязнем, а прысуд — палітычна матываваным. Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014.
У рамках пагрому грамадскіх арганізацый Алесь Бяляцкі зноў быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і апынуўся за кратамі, дзе знаходзіцца ўжо 14 месяцаў.
У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавел уручыў Алеся Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасць. Ганаровы грамадзянін горада Генуя, ганаровы грамадзян Парыжа з 2012 году. Восенню 2020 года “Вясна” ды Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі “За правільны лад жыцця”. Мае Алесь і шмат іншых прэмій і ўзнагарод.
Алесь Бяляцкі напісаў і выдаў некалькі кніг па літаратуры і гісторыі Беларусі. Сярод якіх – “Літаратура і нацыя”, Асвечаныя беларушчынай”, “Халоднае крыло радзімы” і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму сёння, 25 верасня, спаўняецца 60 гадоў. Свой юбілей ён сустракае за кратамі — і не ў першы раз. Пра свайго калегу распавядаюць праваабаронцы “Вясны”, сярод іх — Аляксей Колчын:
– Алесь — фігура выбітнага масштабу і ў праваабароне, і ў беларускім Трэцім сектары, і ў беларускім грамадстве ў цэлым. І тое, што ён чарговы раз знаходзіцца за кратамі, і што ён свой чарговы юбілей адзначае ў турме – гэта ўзнагарода ад нашага таталітарнага кіраўніка, ад нашай тататлітарнай дзяржавы за тое, што ён робіць для грамадзянскай супольнасці.
Паслухаць праваабаронцаў пра Бяляцкага цалкам можна ў далучаным аўдыёфайле:
Знаходзіцца палітзняволены праваабронца “Вясны” Алесь Бяляцкі ў СІЗА№1, што на вуліцы Валадарскага, 2, у Менску. А затрымалі яго 14 ліпеня 2021 года. Праваабарончай супольнасцю Алесь Бяляцкі прызнаны палітычным вязнем.
Беларускае Радыё Рацыя