Святлана Алексіевіч: Знайсці іншыя меры для беларусаў, якія бягуць з акупаванай Беларусі (абноўлена)
Беларуская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч у сваім інтэрв’ю Балтыйскай службе навін заклікала краіны Балтыі і Польшчу не ўводзіць абмежаванні на ўезд для яе суайчыннікаў, як на гэтым тыдні ўвялі для расейцаў, што бягуць ад мабілізацыі:

– Што тычыцца беларусаў – гэта ўвогуле несправядліва. Уся краіна нашпігаваная расейскай зброяй, расейскімі танкамі, самалётамі. Але Беларусь не прыняла, гэта не яе сябры, а яна з’яўляецца акупаванай тэрыторыяй. І вінаваціць у гэтым яшчэ яе людзей і ўтварыць ім яшчэ складанасці жыцця?.. І тым больш, гэта людзі, якія змагаліся з Лукашэнкам, змагаліся з Пуціным. І яны сёння больш за ўсіх пакутуюць.
Вядома, што Польшча абмежавала ўезд для расейцаў праз марскія і паветраныя парты. Раней краіна ўвяла такія абмежаванні на пешых і аўтамабільных пунктах пропуску. Асноўная пагроза зараз – увядзенне аналагічных мераў для грамадзян Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Святлана Алексіевіч заклікала Літву і іншыя краіны Еўразвязу не абмяжоўваць уезд для беларусаў, піша партал DELFI.

Нельга вінаваціць грамадства за тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расею, мяркуе Алексіевіч.
— Вядома, уся краіна запоўненая расейскай зброяй, танкамі, самалётамі, але ж Беларусь іх не прымала, гэта не яе сябры — яна акупаваная тэрыторыя. З 19 верасня ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы дзейнічае забарона на ўезд для расейскіх турыстаў праз знешнія межы Еўрапейскага звязу. Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце сказала, што магчыма ўвядзенне такіх жа абмежаванняў для турыстаў з Беларусі.
— Думаць, што праз гэта яны стануць рэвалюцыянерамі, наіўна, — кажа Алексіевіч. — Не стануць яны рэвалюцыянерамі, а жыццё ў іх стане цяжэй. Пацерпіць шмат людзей, якія былі са мной на маршах пратэсту, ім цяпер складана атрымаць візу, вучыцца.
На гэтым тыдні ў Коўне Святлане Алексіевіч уручылі рэгаліі ганаровага доктара ўніверсітэта ім. Вітаўтаса Вялікага. Таксама яна ўдзельнічала ў фестывалі „Каўнаскі літаратурны тыдзень”.
Беларускае Радыё Рацыя