Жыхара Гародні асудзілі за абразу Лукашэнкі
У судзе Ленінскага раёну Гародні вынесены прысуд 33-гадоваму Дзмітрыю Янушкевічу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 370) і абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368).

Суддзя Наталля Козел пакарала мужчыну да аднаго году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Паводле матэрыялаў справы, Янушкевіч размясціў негатыўныя публікацыі ў „Аднакласніках” пра Аляксандра Лукашэнку і дзяржаўны сцяг Беларусі. Сярод іншага, мужчына адрэагаваў на публікацыю ў адной з суполак, пасля чаго на яго старонцы з’явілася выява Лукашэнкі са свастыкай.
Абвінавачванне расцаніла гэта дзеянне, як „непрымальнае з пункту гледжання сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элементы скажэння грамадска-палітычнай рэчаіснасці” і што Лукашэнкам ў кіраванні краінай „ужываюцца фашысцкія метады”.