Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы (абноўлена)



Сёння ў расейскім Сочы адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна — гэта сёмая іх сустрэча з пачатку году і першая пасля абвяшчэння ў Расеі мабілізацыі. Перамовы прайшлі за дзень да завяршэння квазірэферэндумаў аб далучэнні да РФ чатырох абласцей Украіны. Па выніках перамоваў у Сочы Лукашэнка не зрабіў ніякіх заяваў ні аб прамым удзеле ў вайне, ні аб прызнанні вынікаў квазірэферэндумаў.

Нагадаем, на мінулым тыдні міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю французскаму тэлебачанню заявіў, што прызнанне Менскам так званых рэферэндумаў у 4 абласцях Украіны залежыць ад «нацыянальных інтарэсаў».

* * *

У рэзідэнцыі Бачараў Ручай адбылася сустрэча Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru

Як адзначыў падчас сустрэчы Пуцін, ёсць „вельмі шмат пытанняў, якія датычацца сітуацыі ў рэгіёне, але і не менш важныя пытанні эканамічнага характару, у тым ліку пытанні „будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, пытанні, звязаныя з планамі ў галіне хіміі, харчавання, угнаенняў”.

* * *

Аляксандр Лукашэнка сёння, 26 верасня, сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у Сочы.

Аб сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі сёння паведаміў тэлеграм-канал „Пул першага”. Якія пытанні яны будуць абмяркоўваць не ўдакладняецца. сустрэчу дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі раней не анансавалі і пра паездку нічога не паведамлялі.  У незалежных крыніцах паведамлялася, што самалёт Лукашэнкі паляцеў у Расею, і выказваліся здагадкі, што на борце можа быць сам ён.

Прэс-служба Лукашэнкі раней паведамляла, што сустрэча з прэзідэнтам Расеі павінна была адбыцца на палях саміта Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які прайшоў 15-16 верасня ў сталіцы Узбекістана Самаркандзе. Аднак паўнавартасныя двухбаковыя перамовы паміж Масквой і Менскам на той раз не адбыліся. 

Нагадаем, з пачатку года гэта ўжо сёмая „камандзіроўка” Аляксандра Лукашэнкі ў Расею.

Беларускае Радыё Рацыя

Array