Агляд прэсы: фактары рызыкі



Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі не будзе «ніякай мабілізацыі», паколькі Менск зноў мяняе тактыку. Якія настроі ў расейцаў? Італія: чым абернецца для Еўропы перамога Мелані? У Швейцарыі жанчынам давядзецца працаваць даўжэй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка, выступаючы 23 верасня для дзяржаўных СМІ Беларусі ў мэмарыяльным комплексе «Хатынь», заявіў, што такой мабілізацыі, як тая, якую Расея абвясціла ў чацвер, 22-га верасня, у Беларусі не будзе», – піша міжнароднае выданне bne IntelliNews.

«Лукашэнка пракаментаваў разнастайныя вайсковыя вучэнні, якія прайшлі сёлета ў Беларусі, і «народнае апалчэнне», для якога ў пачатку года ён загадаў набраць тысячы чалавек. У той жа прамове Лукашэнка выступіў з надзіва доўгай экспазіцыяй па пытаннях амністыі і памілавання палітвязняў. Паводле слоў Лукашэнкі, ён гатовы памілаваць асобных людзей. Відавочна, што Лукашэнка спрабуе паказаць сябе высакародным, разумеючым і адказным кіраўніком, які клапоціцца пра свой народ. Гэта новая тактыка ў параўнанні з тым, чым яго сілы бяспекі займаліся ўвесь гэты і мінулы год. Раскол у беларускім грамадзтве стаў відавочным нават для менскага рэжыму, і апошні раз гэта яскрава праявілася падчас лукашэнкаўскага «уроку гісторыі» для беларускіх студэнтаў. Верагодна, гэта частка тактыкі Лукашэнкі выкарыстоўваць і пернік, і палку, запалохваючы і падаўляючы апазіцыю ўнутры краіны, адначасова захоўваючы чалавечы твар для сваіх прыхільнікаў. У рэшце рэшт, ён спадзяецца зламаць волю як астатняй унутранай апазіцыі, так і апазіцыі ў выгнанні і, магчыма, павольна стварыць «палітычную адлігу» ў бліжэйшыя гады», – прагназуе міжнароднае выданне.

Агрэсіўная вайна, распачатая Крамлём супраць Украіны, нагнала і насельніцтва Расеі. У рамках абвешчанай Пуціным мабілізацыі ваенкаматы дзейнічаюць без разбору: у шматлікіх населеных пунктах позвы масава ўручаюцца мужчынам, нягледзячы ні на стан здароўя, ні на ўзрост, ні на наяўнасць досведу службы ў войску. Як адзначаюць назіральнікі, па сутнасці, Крэмль пайшоў вайной на ўласных грамадзян, а сацыяльныя і палітычныя наступствы гэтага кроку прадбачыць немагчыма. «Цяперашняя сітуацыя зусім непрадказальная», – такі каментар румынскай газета Spotmedia.

«У найбліжэйшыя дні мы зможам назіраць цікавую дынаміку ўнутранай напружанасці. Страх смерці сярод тых, каго могуць прымусова паслаць на вайну, стварыў сітуацыю крайняй валацільнасці. У такіх умовах можа адбыцца ўвогуле ўсё, што заўгодна. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца мноства відэаролікаў, якія зафіксавалі сутычкі і спрэчкі паміж бацькамі, якія ў роспачы, і прадстаўнікамі ведамстваў, паміж рэкрутамі і будучымі камандзірамі, паміж пратэстоўцамі і сілавікамі. Казаць пра падзенне рэжыму яшчэ рана, але Уладзімір Пуцін яшчэ ніколі не быў так уразлівы, як зараз», – піша румынскае выданне.

На парламенцкіх выбарах у Італіі перамогу атрымаў альянс, які сфарміраваўся вакол постфашысцкай партыі «Браты Італіі». Паводле папярэдняга падліку на раніцу панядзелка, партыя «Браты Італіі» набрала больш за чвэрць усіх галасоў. Так што, па ўсёй бачнасці, урад узначаліць Джорджыя Мэлані, якая мае права спадзявацца займець абсалютную большасць галасоў у кааліцыі з правымі партыямі «Ліга» і «Наперад, Італія!». Еўрапейская прэса абмяркоўвае вынікі выбараў. «Замена Марыё Драгі на Джорджыю Мэлані пашкодзіць рэпутацыі Італіі за мяжой», – адзначае італьянская газета Corriere della Sera.

«Нельга не заўважыць таго, што гэтая новая фаза разглядаецца за межамі нашай краіны як рызыка, а шэраг урадаў нават успрымае яе як траўму. Выказваюцца асцярогі, што вынікі выбараў у Італіі, рушыўшы ўслед за шведскімі, выклічуць эфект даміно сярод палітычных альянсаў у еўрапейскіх краінах і прывядуць да ўздыму добразычлівага настрою ў стаўленні да Расеі – у сілу таго, што ў кааліцыі зараз будуць прысутнічаць партыі «Ліга» і «Наперад, Італія». Многае, вядома, будзе залежаць ад унутранай расстаноўкі сіл. Тым не менш, асноўны вектар будзе ясны вельмі хутка – давайце дачакаемся першых выказванняў пераможцаў наконт стаўлення да Еўропы і санкцый, ужо ўведзеных супраць пуцінскага рэжыму», – заклікае італьянскае выданне.

Падчас апошняга рэферэндуму швейцарцы прагаласавалі за павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын з 64 да 65 гадоў. Гэтае рашэнне прынята з мінімальнай перавагай галасоў – у 51 працэнт. Урад заклікаў да правядзення рэформы, паколькі пакаленне бэбі-бумераў дасягнула пенсійнага ўзросту, а працягласць жыцця расце. Ці давядзецца цяпер праводзіць базавыя рэформы для забеспячэння гендэрнай роўнасці, такія як карэкціроўка заработнай платы?

«Швейцарыя цікавіцца раўнапраўем толькі тады, калі гаворка ідзе аб размеркаванні нагрузкі», – такую крытыку выказвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Дзіцячы садок для дзіцяці – гэта ў Швейцарыі па-ранейшаму раскоша, і большасць сем’яў можа дазволіць яе сабе толькі пару разоў на тыдзень. Жанчыны-пенсіянеркі атрымліваюць у Швейцарыі каля 67 працэнтаў ад сярэдняй пенсіі, якая выдаецца мужчынам. І гэта мы яшчэ не згадалі цэлы шэраг іншых шакавальных фактаў! Напрыклад тое, што жанчынам у Швейцарыі даводзіцца працаваць практычна да родаў, паколькі водпуску па цяжарнасці і родах у краіне проста не існуе. Паводле апытанняў, праведзеных непасрэдна перад рэферэндумам, пераважная большасць мужчын прагаласавала за павышэнне пенсійнага ўзросту, у той час як амаль дзве траціны жанчын – супраць. У выніку вырашальнымі аказаліся 0,57 працэнта галасоў. Якая горкая параза!», – канстатуе нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array