Марына Касінерава: Варта распаўсюджваць інфармацыю пра палітвязняў



Бандэролі, ліставанне, распаўсюджванне інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі, наведванне судоў і праяўленне актыўнасці на салідарных акцыях. Так можна дапамагчы палітвязням і іх сем’ям у нялёгкі для іх час.

Варта выкарыстоўваць усе даступныя ў цяперашніх умовах спосабы, распавяла прадстаўніца ініцыятывы дапамогі палітвязням у Беларусі Марына Касінерава:

Можна распаўсюджваць інфармацыю на любой мове, перакладаць, калі хтосьці ведае замежную мову. Можна распаўсюджваць інфармацыю пра канкрэтных палітвязняў, пра ўзровень рэпрэсій, пра маштаб гэтых рэпрэсій, пра тое, што адбываецца. Дзяліцца лістамі, калі ён усё ж даходзяць адтуль, з турмы, з СІЗА. Важна заўсёды размаўляць, заўсёды памятаць пра тэму палітвязняў, бо сітуацыя пагаршаецца.

Марына Касінерава дадала, што калі ўсе спосабы падтрымкі палітвязняў ужо былі вычарпаныя ці з’яўляюцца ў нейкай меры для канкрэтнага чалавека небяспечным, то часам нават дастаткова падтрымаць словам прадстаўнікоў сем’яў тых, хто праходзіць па крымінальных палітычна матываваных артыкулах.

Беларускае Радыё Рацыя