Праваслаўныя вернікі адначаюць Уздзвіжанне Крыжа Гасподня
Уздзвіжанне Крыжа Гасподня – вялікае свята, якое звязанае з падзеямі ІV-га стагоддзя. Лічыцца, што каля 326 года візантыйская царыца Алена зладзіла раскопкі ў Іерусаліме, падчас якіх і быў знойдзены крыж, на якім раскрыжавалі Ісуса Хрыста.

Па словах святара Аляксандра Лаўрыненкі, якім бы вялікім па царкоўным статуце не было свята, але галоўнае, каб вернікі знайшлі некалькі хвілінаў для наведвання храма:
-Хацелася б усім нагадаць, каб мы знайшлі час прыйсці ў божы храм, каб падзякаваць Госпаду за вялікую міласць да нас. У наш час многія прыходзяць у храм, скардзяцца на тое, што Гасподзь, верагодна, пакінуў іх. Але пасля гарачай малітвы і пасля таго, як мы пачынаем весці хрысціянскі лад жыцця, Бог паказвае сваю вялікую міласць да ўсіх нас. І многія дзякуюць Богу за той цуд, які Бог даў ім.
Уздзвіжанне Крыжа Гасподня па народным календары называецца як Здзвіжанне, Звіжанне. У старажытнасці лічылі, што гэта свята „закрывання” зямлі на зіму. Ні ў якім разе нельга было хадзіць у лес, бо змеі ў гэты дзень рыхтаваліся да зімовай спячкі.
Беларускае Радыё Рацыя