У Беларусі з’явіўся пералік асоб, якіх будуць судзіць завочна
Следчы камітэт сфарміраваў пералік асоб, у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць, паведамляе прэс-служба СК.

Спецыяльная вытворчасць дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Абвінавачаны лічыцца належным чынам апавешчаным аб правядзенні ў дачыненні да яго спецыяльнай вытворчасці, выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых па справе рашэннях з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі аб правядзенні спецыяльнай вытворчасці на сайце.
СК паведамляе пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».
Зараз у пераліку пяць чалавек: Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занямонская, Дзмітры Навоша.
Яны абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 130 («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы») і ч. 3 арт. 203-1 КК («Наўмысныя незаконныя збор, прадастаўленне і распаўсюджванне інфармацыі аб персанальных дадзеных іншай асобы без яе згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, учыненыя ў адносінах да асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці і выкананнем грамадскага абавязку»).
Спецыяльная вытворчасць у дачыненні да іх распачата 26 верасня па рашэнні Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта.