Агляд прэсы: на паддавацца страху
Лукашэнка нечакана наведаў Абхазію. Прабоіны ў трубаправодах Паўночнага патоку: хто за гэтым стаіць? Што рушыць услед за «рэферэндумамі» на ўсходзе Украіны? Латвія выбірае новы парламент. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нечаканая паездка адбылася на фоне перыяду геапалітычных узрушэнняў у рэгіёне, калі Расея збіраецца анэксаваць некалькі частак Украіны. Лукашэнка наведаў Абхазію. Гэта яго першая паездка ў якасці прэзідэнта на сепаратыстычную тэрыторыю Грузіі», – піша амерыканскі часопіс Eurasianet.
«Лукашэнка наведаў краіну 28 верасня, сустрэўшыся з фактычным лідарам Асланам Бжанія і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі. Па дарозе ў Абхазію беларускі лідэр спыніўся ў суседнім расейскім Сочы, дзе сустрэўся з саюзнікам Уладзімірам Пуціным. І ў сваім публічным выступе ў Сухумі дыктатар Беларусі выказаў здагадку, што ў адносінах Масквы і Менску з Сухумі могуць адбыцца змены. Бжанія прымаў Лукашэнку ў рэзідэнцыі «Піцунда», гістарычным комплексе адпачынку, які нядаўна стаў кропкай узгарання ў абхазійска -расейскіх адносінах на фоне грамадскага гневу з нагоды плана перадаць комплекс Расеі. Абхазія аддзялілася ад Грузіі ў выніку вайны ў 1990-х гадах і абвясціла незалежнасць. Расея афіцыйна прызнала яе ў 2008 годзе, але Беларусь, нягледзячы на шчыльныя адносіны з Расеяй, ніколі не прытрымлівалася гэтага прыкладу. Устрыманне Менску ад афіцыйнага прызнання Абхазіі і паўднёвай Асеціі было прыярытэтам у адносінах Грузіі з Беларуссю. Цяпер жа праз некалькі гадзін пасля таго, як пра візыт Лукашэнкі стала вядома, Міністэрства замежных справаў Грузіі выклікала амбасадара Беларусі ў Тбілісі. Заявы Лукашэнкі ў Абхазіі былі характэрнымі загадкавымі, але наваднымі. Мажліва ўсё ідзе да далучэння Абхазіі да Саюзнай дзяржавы. Абхазія забараняе замежнікам валодаць там маёмасцю, і Масква даўно спрабавала прымусіць Сухумі аслабіць гэтыя правілы», – лічыць амерыканскае выданне.
У газаправодах Паўночны паток-1 і Паўночны паток-2, якія праходзяць з Расеі праз Балтыйскае мора ў Германію, былі знойдзены ўцечкі. У якасці прычыны ўцечак называюцца выбухі. Урады Даніі і Швецыі зыходзяць з таго, што мела месца дыверсія. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі, і не хавае трывогі. Брытанская газета The Spectator не сумняецца ў тым, хто стаіць за прабоінамі ў трубаправодзе.
«У каго, як не ў Расеі, ёсць і рэсурсы, і матывы для адпраўкі спецназаўцаў-вадалазаў у глыбіні Балтыйскага мора для знішчэння трубаправодаў? Голая праўда заключаецца ў тым, што Пуцін увесь час спрабуе падняць стаўкі ў сваёй канфрантацыі з Захадам. Чым хутчэй разбураюцца яго планы ў дачыненні да Украіны, тым больш ён узмацняе ціск на Еўропу ў надзеі разбурыць атлантычны альянс. Але калі Масква і на самой справе здзейсніла гэты дыверсійны акт, то гэта была чарговая грубая памылка», – падкрэслівае брытанскае выданне.
У чатырох рэгіёнах Украіны, акупаваных Расеяй, прайшлі так званыя рэферэндумы. Праводзіліся яны ў вялікай спешцы і пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. Па іх выніках заяўляецца, што за далучэнне да Расеі выказаліся ад 87 да 99 працэнтаў тых, хто галасаваў. Паводле логікі Крамля, пасля далучэння гэтых абласцей да РФ украінскае войска ўміг ператворыцца ў войска агрэсара, які ступіў на расейскую тэрыторыю. А такому, маўляў, Расея мае права даць адпор усімі сродкамі, у тым ліку і ядзернай зброяй. «Усё больш адкрытая палітыка Пуціна таксама абяцае і некаторыя шанцы”, – такім меркаваннем дзеліцца бельгійская газета La Libre Belgique.
«Раскрываючы карту за картай – поўнамаштабнае ўварванне, масавыя забойствы, энергетычны і ядзерны шантаж, Крэмль агаляе перад намі сапраўдную прыроду сваёй палітыкі, і дазваляе нам умацаваць еўрапейскую грамадскую думку наконт таго экзістэнцыйнага выкліку, перад якім ён ставіць Украіну і Захад. Робячы стаўку на частковую мабілізацыю, якая суправаджае «рэферэндумы», Крэмль расплюшчвае вочы насельніцтву Расеі на небяспекі, якімі багаты яго авантурызм. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што расейцы зробяць з усяго гэтага належныя высновы», – прагназуе бельгійскае выданне.
У суботу ў Латвіі пройдуць выбары ў сейм. Да гэтага часу ў краіне кіравала правацэнтрысцкая кааліцыя ў складзе пяці партый. Найбуйнейшай фракцыяй была апазіцыйная сацыял-дэмакратычная партыя Згода, якая заяўляла аб сабе сярод іншага як аб абаронцы інтарэсаў рускамоўнай меншасці. Цяперашнія выбары, якія праходзяць на фоне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, могуць карэнным чынам змяніць палітычны ландшафт краіны. Латвійская газета Neatkarīgā дае наступны каментар.
„Незалежна ад таго, колькі месцаў у парламенце атрымаецца займець «антызаходне» арыентаваным партыям, у іх няма шанцу ўвайсці ў склад урада. Мінулі тыя часы, калі з гэтымі партыямі можна было хоць неяк какетнічаць. Партыі, якія не могуць знайсці ў сабе сілы адназначна асудзіць злачынствы Пуціна, самі вывелі сябе з гульні і ў плане дэпутацкіх месцаў, і ў плане дзяржаўнага фінансавання. Наступныя чатыры гады палітыкі ад гэтых партый могуць жыць адносна бестурботна, не аказваючы ніякага ўплыву на «вялікую» палітыку”, – адзначае латвійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array