Яна помніла ўсё …



30 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, мемуарысткі, грамадскай дзеячкі Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай,1892 – 1991).

Зоська Верас нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны. Пачатковую адукацыю атрымала ад бацькоў, а ў 1904 годзе паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У 1905 годзе беларуска жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі, у 1908 годзе пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914). Падчас вучобы ўваходзіла ў Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, займалася літаратурнай творчасцю.

З 1915 года Зоська Верас працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Супрацоўнічала з «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам.

На фота: Рамуальд Зямкевіч, Гальяш Леўчык і Зоська Верас у Варшаве, 1914 г.

У канцы 1918 года Зоська Верас пакінула Менск з прычыны хваробы маці і вярнулася ў дзедаў маёнтак Альхоўнікі. У 1919 годзе ў яе нарадзіўся сын Антон, але яго бацька Фабіян Шантыр загінуў у 1920 годзе. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку.

У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з новым мужам Антонам Войцікам яна пабудавала хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай. У гэтым шлюбе ў 1927 годзе ў іх нарадзілася дачка Галіна, якая была замужам за Антонам Луцкевічам.

На фота: Зоська Верас, Аляксей Пяткевіч і Генадзь Каханоўскі ў Вільні, 1982 г.

Зоська Верас рэдагавала часопісы “Пралескі” і “Беларуская борць”, сябравала з многімі беларускімі пісьменнікамі. У 2013 годзе Міхась Скобла падрыхтаваў і выдаў вялікі том яе ўспамінаў і 386 лістоў пад назвай “Я помню ўсё”.

Беларускае Радыё Рацыя