Агляд прэсы: не ўсё ідзе па плане
Беларусь павярталася да Кітая. Што нясе за сабой анэксія Расеяй украінскіх тэрыторый? Кантроль на славацкіх межах узмацніўся. Нямеччына ўводзіць абмежаванне коштаў на газ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Менск заўсёды быў рады пашырэнню гандлёвых адносін са сваім кітайскім партнёрам, аднак з 2020 года значна больш імкнецца да нарошчвання супрацоўніцтва з Пекінам. Для гэтага, вядома, ёсць відавочныя прычыны», – канстатуе міжнароднае выданне bne IntelliNews.
«Ператварыўшыся ў краіну-ізгоя Захада, менскаму рэжыму засталося разлічваць толькі на Крэмль. Аднак, як заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у Нью-Ёрку падчас нядаўняга пасяджэння Генасамблеі ААН, «Беларусь хацела б дыверсіфікаваць сваю эканоміку і палітыку», а паколькі ЕЗ, быццам, у гэтым не зацікаўлены, Беларусь звяртаецца да Кітая. Падчас саміту ШАС Лукашэнка падпісаў з Сі Цзіньпінам «усёпагоднае стратэгічнае партнёрства» і падзякаваў яму за падтрымку ў «гэтыя цяжкія часы». Афіцыйна і цалкам відавочна інтарэсы Беларусі ва «ўсепагодным стратэгічным партнёрстве» з Кітаем і ўступленні ў ШАС палягаюць у неабходнасці выкарыстання кітайскіх чыгуначных шляхоў як для выхаду на існуючыя, так і для стварэння новых гандлёвых шляхоў з Усходам, Поўднем і Цэнтрам Азіяцкіх рынкаў. Важна памятаць, што Беларусь не мае выхаду да мора, і хоць чыгунка і грузавікі заўсёды былі надзвычай важнымі для беларускага экспарту, іх значэнне значна ўзрасло пасля таго, як Беларусь у гэтым годзе страціла доступ да балтыйскіх і ўкраінскіх партоў. Беларусь займае трэцяе месца па пастаўцы ў Кітай калійных угнаенняў, пятае — сыроваткі, сёмае і дзявятае — па пастаўках кураціны і ялавічыны адпаведна, адзінаццатае — па пастаўцы рапсавага алею. З боку Кітая імпарт у Беларусь складаюць кітайскае тэхналагічнае абсталяванне, сродкі сувязі, камплектуючыя і спажывецкія тавары. Для Беларусі гандаль з Кітаем – гэта спосаб дапамагчы эканоміцы застацца на плаву і адчайная спраба максімальна збалансаваць залежнасць Беларусі ад Расеі, бо Пуцін, верагодна, патрабуе ад суседкі большага, чым тая гатова саступіць», – падсумоўвае міжнароднае выданне.
Пасля фіктыўных рэферэндумаў, праведзеных у акупаваных расейскімі войскамі рэгіёнах Украіны, Пуцін запланаваў на пятніцу падпісанне дамовы аб уваходжанні гэтых тэрыторый у склад РФ. Фармальнае «прыманне» у склад Расеі плануецца правесці праз некалькі дзён. Як адзначае еўрапейская прэса, гэтая анэксія, якая супярэчыць усім нормам міжнароднага права, адкрые сабой новую, злавесную фазу вайны. «Цяпер адкрыта дарога да прымянення ядзернай зброі», – падсумоўвае італьянская газета La Stampa.
«З сённяшняга дня гэта будзе не тая вайна, якую мы назіралі да гэтага часу. І ўсё гэта, дзякуючы рэферэндуму, які з прычыны ўмоваў свайго правядзення, а таксама адвольнага і аднабаковага характару не мае аніякай юрыдычнай сілы. Але гэта нічога не мяняе ў тым сэнсе, што рэферэндум можа паслужыць асновай для ядзернага шантажу з боку Пуціна: калі, маўляў, вы асмеліцеся атакаваць Данбас ці кантраляваны намі ўчастак узбярэжжа, то мы будзем прыраўноўваць гэта да нападу на Маскву ці Санкт-Пецярбург, што дасць нам права абараняцца, у тым ліку і пры дапамозе ядзернай зброі», – папярэджвае італьянскае выданне.
Колькасць мігрантаў, якія імкнуцца патрапіць у Цэнтральную Еўропу, і якая пайшла на спад за час пандэміі, зноў расце. І найперш гэта тычыцца транзіту праз Сербію і Венгрыю. У сувязі з гэтым Аўстрыя і Чэшская Рэспубліка ўвялі кантроль на сваіх межах са Славакіяй, бо для далейшага нелегальнага правозу людзей выкарыстоўваецца менавіта гэты маршрут. Як ставяцца да гэтага кроку аўстрыйскія і чэшскія улады? Меркаванні аглядальнікаў падзяліліся. На думку славацкай газеты Pravda, вінаватыя на відавоку.
«Няхай мы і вялі перамовы з венграмі пра вяртанне да іх бежанцаў, аднак эфектыўных мераў у гэтым кірунку не было. Мы аддалі перавагу ўсталяванню шлагбаўмаў на мяжы з Чэхіяй -нашым нядаўнім субратам. Аднак адказнасць тут адназначна ляжыць на Вугоршчыне. Яна не абараняе належным чынам межы Шэнгенскай прасторы. У 2015 годзе Віктар Орбан дэманстратыўна ўзвёў агароджу на мяжы з Сербіяй. І дзе ён зараз? Ці Орбан усё гэта робіць наўмысна? Бо ён выдатна разумее, што мігранты імкнуцца патрапіць не куды-небудзь, а ў заходнія краіны ЕЗ, менавіта туды, дзе маюць намер перакрыць Венгрыі кран для атрымання сродкаў з фондаў Еўразвязу», – падкрэслівае славацкае выданне.
У чацвер урад Германіі прыняў рашэнне пра увядзенне ў краіне столі коштаў на прыродны газ. Гэты крок улады робяць з мэтай зніжэння нагрузкі па аплаце расходаў на энергію і ацяпленне для хатніх гаспадарак і прадпрыемстваў. На гэтыя мэты мяркуецца выдаткаваць 200 мільярдаў эўра. У іншых еўрапейскіх краінах таксама прымаюцца меры, якія дапамаглі б грамадзянам і бізнесу вытрымаць зіму. Як адзначае нямецкая газета Frankfurter Rundschau, з прыняццем гэтых мер нельга было зацягваць.
«Цэнавы «тормаз» на газ, а канкрэтныя дэталі яго пакуль невядомыя, гэта сігнал грамадзянам, у многіх з якіх нервы ўжо на мяжы. Падзенне дабрабыту грамадзян краіны ўжо даўно ідзе поўным ходам. Усё большая колькасць людзей ставіць пад сумнеў палітыку ўрада, ці нават выступае супраць яе. Урад, у сваю чаргу, правільна робіць, што прытрымліваецца лініі падтрымкі Украіны, а таксама прыёму бежанцаў і тых, хто ўхіляецца ад прызыву. Сітуацыя складаецца небяспечная, паколькі асобаў, якія сумняюцца і якія у роспачы, могуць падгрэсці пад сваё крыло тыя, хто выкарыстоўвае любы крызіс для дэлегітымацыі дзяржавы. І гэта можа прывесці да наступнага крызісу, які, паводле задумы Пуціна, і забяспечыць рост папулярнасці антыдэмакратычных сілаў», – прагназуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array