Больш за 170 чалавек загінулі ў цісканіне пасля футбольнага матчу на востраве Ява



У Інданезіі на востраве Ява з-за цісканіны на футбольным матчы загінулі не менш за 174 чалавек, 180 атрымалі раненні, паведамляе мясцовая паліцыя.

Цісканіна адбылася пасля матчу паміж дзвюма інданезійскімі футбольнымі камандамі: „Arema” і „Persebaya Surabaya”. Каманда „Arema” прайграла з лікам 3:2, яе заўзятары закідалі гульцоў бутэлькамі і выбеглі на поле. Паліцыя ўжыла слезацечны газ, што выклікала паніку і цісканіну.

Начальнік паліцыі Усходняй Явы Ніка Афінта заявіў, што колькасць загінулых можа ўзрасці, паколькі многія з параненых знаходзяцца ў крытычным стане.

Гэты інцыдэнт з’яўляецца адной з найбуйнейшых у свеце катастроф на стадыёнах, уключаючы адборачны матч чэмпіянату свету 1996 г. паміж Гватэмалай і Коста-Рыкай, дзе больш за 80 чалавек загінулі і больш за 100 атрымалі раненні.