Папа рымскі звярнуўся да Зяленскага і Пуціна
Страшная і неспасціжная рана чалавецтва – вайна ва Украіне – замест таго, каб гаіцца, працягвае ўсё больш і больш сыходзіць крывёй, рызыкуючы пашырыцца. Папа рымскі Францішак звярнуўся да Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна.

Папа рымскі Францішак выказаў шкадаванне аб падзеях, звязаных з вайной ва Украіне, у тым ліку тым, што адбываецца ў апошнія дні, і аб дзеяннях, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага права. Ён звярнуў увагу на павелічэнне рызыкі ядзернай эскалацыі, „аж да асцярогі некантралюемых і катастрафічных наступстваў ва ўсім свеце”.
Ход вайны ва Украіне стаў настолькі сур’ёзным, разбуральным і пагрозлівым, што выклікае вялікую трывогу, заявіў Папа рымскі перад малітвай.
Папа рымскі заклікаў скласці зброю і шукаць умовы для пачатку перамоў, здольных прывесці да рашэнняў узгодненых, справядлівых і стабільных.
Пантыфік заклікаў Уладзіміра Пуціна спыніць, „у тым ліку з любові да свайго народа, гэтую спіраль гвалту і смерці”. Уладзіміра Зяленскага ён заклікаў „быць адкрытым для сур’ёзных мірных прапаноў”.
Беларускае Радыё Рацыя
Array