Агляд прэсы: У чаканні на ўдар
Будаўніцтва Польшчай загароды на мяжы з Беларуссю завершана. Свет у чаканні новага наступу Расеі пасля анэксіі часткі Ўкраіны. Латвія і Балгарыя абралі новыя парламенты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Польшча завяршыла будаўніцтва загароды на мяжы з Беларуссю, якая робіць нелегальны ўезд у краіну па гэтым шляху немагчымым. Польская мяжа сёння з’яўляецца найлепш абароненай у Еўропе», – паведамляе польскае выданне The First News.
«Будаўніцтва загароды было адказам на міграцыйны крызіс, які пачаўся вясной 2021 года, у якім Варшава абвінаваціла менскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў наўмысным спакушэнні мігрантаў у спробе дэстабілізаваць Польшчу і ЕЗ у адказ на санкцыі, уведзеныя Бруселем. Агульны кошт памежнай агароджы склаў каля 330 мільёнаў еўра. Бар’ер працягласцю 186 км складаецца з пяціметровай сталёвай агароджы, пакрытай калючым дротам. На наступным этапе інвестыцый будзе дададзены «электронны бар’ер», які складаецца з камер, у тым ліку цеплавізійнага абсталявання для назірання, і датчыкаў. Першы ўчастак гэтай інфраструктуры электроннага назірання, верагодна, будзе запушчаны ў канцы кастрычніка, і да канца года плануецца, што тэхналогія назірання ахопіць усю даўжыню плота», – адзначае польскае выданне.
Пасля фіктыўных рэферэндумаў, праведзеных у акупаваных расейскімі войскамі рэгіёнах Украіны, Пуцін падпісаў дамовы аб уваходжанні гэтых тэрыторый у склад РФ. Фармальны «прыём» у склад Расеі ўжо пачаўся. Як адзначае еўрапейская прэса, гэтая анэксія, якая супярэчыць усім нормам міжнароднага права, адкрые сабой новую, злавесную фазу вайны. «Цяпер Расея возьмецца за татальнае знішчэнне Украіны», – такі прагноз выказвае румынская газета Adevărul.
«У Расеі ёсць магчымасць наносіць ракетныя ўдары па ваенных і адміністрацыйных цэнтрах у сталіцы Украіны – Кіеве і ў іншых буйных гарадах. Расея ў стане знішчыць вузлы, якія забяспечваюць перадачу электраэнергіі. Яна можа наносіць удары па плацінах, і спрабаваць такім чынам затапіць ва Украіне шырокія тэрыторыі. Мэтай нападаў могуць стаць чыгункі, масты і найважнейшыя аўтатрасы. Усё гэта – дзеля таго, каб паралізаваць штодзённае жыццё мільёнаў украінцаў. І Масква працягне знішчаць краіну, пакуль украінскае кіраўніцтва не выкіне белы сцяг, і не папросіць спыніць варожыя дзеянні», – прагназуе румынскае выданне.
У суботу ў Латвіі прайшлі выбары ў сейм. Да гэтага часу ў краіне кіравала правацэнтрысцкая кааліцыя ў складзе пяці партый. Найбуйнейшай фракцыяй была апазіцыйная сацыял-дэмакратычная партыя Згода, якая заяўляла аб сабе сярод іншага як аб абаронцы інтарэсаў рускамоўнай меншасці. Цяперашнія выбары, якія праходзілі на фоне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, змянілі палітычны ландшафт краіны. Латвійская газета Diena піша пра тое, якія людзі зараз патрэбныя ў новым парламенце.
«Мы ведаем, што будучай зімой высокія кошты на энерганосьбіты могуць прывесці да напружанасці ў эканоміцы. Мы таксама разумеем, што псіхічная напружанасць, выкліканая агрэсіўнай палітыкай Масквы, нікуды не знікне. На гэтым фоне важна, каб у руля краіны стаялі людзі, якія разбіраліся б у эканоміцы, думалі рацыянальна і валодалі дастаткова моцным характарам для таго, каб і адкрыта, і ўскосна даваць адпор імперскім памкненням Расеі», – адзначае латвійскае выданне.
У нядзелю грамадзяне Балгарыі вось ужо чацвёрты раз за два гады абралі новы парламент. У чэрвені 2022 года распалася праеўрапейская кааліцыя, якая кіравала да таго на чале з прэм’ер-міністрам Кірылам Пятковым. Па дадзеных апытанняў, найбольшая колькасць галасоў належыць партыі Бойка Барысава Герб, а прарасейская ультранацыяналістычная партыя Адраджэнне прыблізілася да паказніка у 12 працэнтаў. Балгарская рэдакцыя Deutsche Welle піша аб фактарах прагназуемага поспеху апошняй.
«Адраджэнне мае галасы людзей, якія вераць у наратывы расейскай прапаганды ў Балгарыі, якая паказвае Пуціна ахвярай Захаду, які, маўляў, адмаўляецца ўлічваць патрабаванні Расеі. Застаецца незразумелым, чаму мы павінны паважаць патрабаванні дыктатара? Проста таму, што ў яго ёсць ядзерная зброя і ён дастаткова вар’ят для таго, каб яго прымяніць? Тут у гульню ўступае страх. Менавіта ён падахвочвае людзей спрабаваць сысці з-пад гневу агрэсара: замест таго каб даць яму адпор, яны аддаюць перавагу «улагодзіць» яго і галасуюць за Адраджэнне», – канстатуе балгарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array