Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла з ШІЗА пасля 20 сутак
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк з Берасця, якая адбывае пакаранне ў жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча) Гомельскай вобласці, не выйшла з ШІЗА пасля 20 сутак.

Як стала вядома мужу Паліны Андрэю Шарэндзе, тэрмін у ШІЗА Паліне працягнуты яшчэ на 20 сутак.

Кажа Андрэй Шарэнда:
– Ужо паўтара месяца ад Паліны няма ніякіх навінаў, няма ніякіх лістоў. Фактычна тры месяцы, калі Паліна знаходзіцца ў гэтай калоніі, да Паліны не можа патрапіць адвакат. Яго не пускаюць да Паліны проста з той нагоды, што Паліна знаходзіцца ўвесь час у ШІЗА. Нібыта з ШІЗА яны на спатканне з адвакатам не водзяць. Чалавек там знаходзіцца ў катавальных умовах. Нельга забывацца, што зараз ужо не лета, тэмпература зараз апускаецца ніжэй нуля. Зразумела, што ў камеры там тэмпература такая, як і на вуліцы.
Андрэй Шарэнда лічыць, што зараз нечалавечымі ўмовамі катуюць палітычных, каб вымусіць іх напісаць прашэнні аб памілаванні. Такім чынам дыктатару трэба апраўдаць рэпрэсіі.
Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджана на 2 гады калоніі нібыта за напад на 7 міліцыянтаў пасля гвалтоўнага ўварвання іх да яе ў кватэру. У калоніі дадалі яшчэ год нібыта за шматлікія парушэнні.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя