Дзень спартовай салідарнасці ва Уроцлаве
2 кастрычніка ў польскім Уроцлаве адбыліся мерапрыемствы з нагоды Дня спартовай салідарнасці.
Беларусы Уроцлава прайшлі маршам 1640 крокаў па колькасці палітзнявоенных у Беларусі (па дадзеным dissidentby на 02.10).
Пасля маршу свабодныя спартоўцы правялі размінку, паказальны выступ па баявому самба, спартовы конкурс ды спаборніцтва для дзяцей.
Кажа адзін з арганізатараў Дня спартовай салідарнасці ва Уроцлаве, беларус Сяргей Сасін:
– Свята было з нагоды Дня спартовай салідарнасці. Гралі ў футбол, гралі ў фрызбі. На маршы было каля 60-70 чалавек. Будзем такія маршы праводзіць яшчэ часцей, каб было больш нагодаў для свята для беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Радзімы, і каб нагадаць, што жыццё працягваецца. Агульна было шмат усяго, амаль 2 гадзіны ўсё гэта адбывалася.
Арганізатары падзякавалі ўсім прысутным, і аб’явілі, што такія дні цяпер будуць адбывацца часцей, і без спецыяльнай нагоды.
Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя







