Руслан Шошын: Гэта кніга пра надзею



Госць Рацыі – журналіст Руслан Шошын, аўтар кнігі пра Святлану Ціханоўскую. 

РР: Здаецца, назва кнігі такая сур’ ёзная, калі мы гаворым пра сімпатычную жанчыну. Гэта кніга пра жанчыну ці кніга пра палітыка? Як увогуле ты б ахарактарызаваў сваю працу.

Руслан Шошын: Канешне, кніга ў першую чаргу пра жанчыну, пра жаночы твар беларускай рэвалюцыі ў 2020 годзе, таму яна менавіта і ледаколкая, як “лядова мачка”, якая вось гэты лёд паступова разбурае. І ў гэтым быў і сэнс, каб не называць  жанчыну-палітыка ледаколам, бо гэта вельмі гучала б так адназначна, цвёрда і не адпавядала б беларускай рэчаіснасці, беларускім падзеям 2020 года.

Але ўсё ж такі там не толькі падзеі 2020 года, гэта такая рэтраспекцыя крыху жыцця Святланы Ціханоўскай, сучаснай гісторыі Беларусі, паказанай яе вачыма. І, канешне, прачытаўшы гэтую кнігу, шмат хто даведаецца, што такое Беларусь, чаму адбылося тое, што адбылося. Як гэта краіна выглядала ў 90-х гадах, як выглядае сёння, якія там праблемы, якія выклікі. Гэта вялікая такая інфармацыя, сабраная ў адным месцы, дзе такі аповед, шматгаласнасць, шмат суразмоўцаў. Гэта, канешне, не біяграфія такая сухая, напісаная на патрэбу сённяшняга дня, гэта рэпарцёрская праца.

РР: Зараз я таксама прыгадаў класічную фразу рускай літаратуры “лёд тронулся, господа”. Гэта якраз пра тое кніга, пра тое, што беларусы ішлі да нейкіх пераменаў і тут з’явілася ледаколка – менавіта Святлана Ціханоўская? Ёсць адказ на гэта пытанне, ці нешта мяняецца ў Беларусі, ці ўсё ж такі на сёння адказу на гэтае пытанне мы не можам знайсці?

Руслан Шошын: Памянялася фундаментальна тое, што шмат людзей, вялізная частка беларускага грамадства, зразумела, што яны заслугоўваюць быць свабоднымі, што гэту свабоду ў іх скралі і тое, што яны частка вось гэтай краіны беларускай, беларускай тоеснасці. Гэта адбылося ў 2020 годзе.

Людзі, якія ніколі не размаўлялі па-беларуску, пачалі размаўляць. Людзі, якія ніколі не ведалі, што такое “Пагоня”, бел-чырвона-белы сцяг, якая там беларуская музыка, не цікавіліся гэтым жыццём, жылі ў рускім свеце, выйшлі з гэтага фармату.

Я не хачу сказаць, што гэта працэс, які адбыўся, які ўжо стаўся, таму што гэта было б такое меркаванне, скажам, на выраст. Але гэта той момант, калі лёд сапраўды крануўся і сапраўды пэўных працэсаў нельга затрымаць. Гэта падзея такая ў гісторыі, якая адбываецца ўнутры краіны, можа, раз на сто гадоў. Можа, гэты шанец не да канца выкарыстаны, можа, ён не да канца даведзены, можа, нейкія былі памылкі, але сам працэс, сама перамена разумення людзей, вось гэтага падыходу да свайго жыцця, да сваёй будучыні.

Людзі пачалі губляць надзею на заўтрашні дзень, надзею на тое, што Беларусь з Лукашэнкам мае нейкую будучыню. І гэта фундаментальная рэч, бо раней людзі пасля выбараў забываліся, што была нейкая палітыка і нейкія выбары: канешне, там нічога не памяняецца і мы ні на што не ўплываем.

Тут першы раз людзі паказалі, што яны хочуць на нешта ўплываць. Гэта працэс, які складана затрымаць, ён у розуме людзей.   

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя