Агляд прэсы: дзяржава 404



Лукашэнка ператварае Беларусь у плацдарм для расейскай арміі. Расея пагражае Украіне яшчэ большай бядой. З-за чаго маглі адбыцца надзвычайныя здарэнні на «Паўночных патоках»? Навошта АПЕК+ можа знізіць здабычу нафты? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Аляксандр Лукашэнка, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі, ператварыў краіну ў плацдарм для расейскай арміі», – піша ўкраінскае выданне Укрінформ.

«Паводле Цэнтра нацыянальнага супраціву, 20-га верасня ў Менск з Расейскай Федэрацыі прыбылі каля 130 наймітаў прыватнай ваеннай кампаніі «Ліга» («Вагнер»), якія могуць мець дачыненне да наладжвання правакацый на ўкраінскай мяжы. Сёння  на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 1000 расейскіх вайскоўцаў, адзін дывізіён зенітных установак «Іскандэр», а таксама тры дывізіёны С-300 і С-400, якія наносяць крылатыя ракеты па Украіне. Таксама Лукашэнка пачаў мадэрнізацыю чыгункі ў краіне, каб у лістападзе-снежні Беларусь мела магчымасць размясціць да 120 тысячаў мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў. Інфармацыю пацвярджае Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны, паведамляючы, што Беларусь ужо рыхтуецца прыняць 20 тысяч вайскоўцаў, прызваных на службу ў Расеі», – адзначае ўкраінскае выданне.

Пасля фіктыўных рэферэндумаў, праведзеных у акупаваных расейскімі войскамі рэгіёнах Украіны, Пуцін падпісаў дамовы аб уваходжанні гэтых тэрыторый у склад РФ. Як адзначае еўрапейская прэса, гэтая анэксія, якая супярэчыць усім нормам міжнароднага права, адкрывае сабой новую, злавесную фазу вайны. Гішпанская газета El Periódico de España заклікае ўзмацніць ціск на Расею з мэтай пасадзіць яе за стол перамоваў.

«Імкненне Расеі анэксаваць усходнюю Украіну па ўзоры Крыма, а таксама правакацыі Крамля ў дачыненні да Еўропы праз энергетычны шантаж вельмі абцяжарваюць задачу пасадзіць канфліктуючыя бакі за стол перамоваў. Намаганні ЗША і Еўразвязу па забеспячэнні Украіны ўзбраеннем і ўдушэнні расейскай эканомікі – працуюць. Аднак гэтыя меры павінны суправаджацца дыпламатычнымі намаганнямі для таго, каб узмацніць ізаляцыю Масквы. У гэтых адносінах вырашальнае значэнне мела б пагадненне з Кітаем, і яго варта дамагацца як мага хутчэй» – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнберг паведаміў, што абмеркаваў з кіраўніком мінабароны Даніі «дыверсію» на «Паўночных патоках». Нямеччына заявіла, што пашкоджанні двух «Паўночных патокаў» дакладна не былі выкліканыя прыроднымі з’явамі, натуральнымі падзеямі або стомленасцю матэрыялу. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль упэўнены, што інцыдэнты былі наўмыснымі. Швецыя, Данія, Нарвегія і Польшча лічаць, што гэта Расея падарвала свой жа газаправод, каб пагражаць энергетычнай бяспецы Еўропы.

Амерыканская газета The Washington Post звяртае ўвагу на тое, што надзвычайнае здарэнне на «Паўночных патоках» адбылося менавіта ў той момант, калі быў афіцыйна запушчаны галоўны канкурэнт расейскага праекта – газаправод Baltic Pipe. Ён звязвае Нарвегію і Польшчу, праходзячы праз Данію. Некаторыя еўрапейскія службоўцы выказалі здагадку, што так Расея дае зразумець свету, што здольная дацягнуцца да любога газаправода, каб захаваць залежнасць Еўропы ад свайго газу.

«Толькі ў Масквы ёсць матывацыя, падводнае абсталяванне і магчымасці для сабатажу. Акрамя гэтага, па дне мора пралягаюць найважнейшыя кабелі для перадачы даных у інтэрнэт. Мажліва, што Крэмль плануе іх перарэзаць і пагрузіць свет у камунікацыйны хаос», – прагназуе амерыканскае выданне.

Нафта пачала даражэць на сігналах аб магчымым зніжэнні здабычы АПЕК +. Кошт барэля Brent на Лонданскай біржы перавысіў $87. Каціроўкі растуць пасля падзення па выніках верасня і трэцяга квартала. Краіны-экспарцёры ў мінулыя выходныя абвесцілі пра тое, што маюць намер абмеркаваць істотнае памяншэнне здабычы для падтрымання цэн. Альянс абмяркуе гэтыя меры пятага кастрычніка ў Вене на першай вочнай сустрэчы з пачатку пандэміі каронавірусу. Па дадзеных сусветных СМІ, гаворка ідзе пра скарачэнне на 1 млн барэляў у суткі. Гэта самае маштабнае абмежаванне за 2,5 гады.

“Магчымае скарачэнне нафтаздабычы адразу на 1 млн барэляў у суткі пагражае падняць кошты на гэтую сыравіну, у той час як большая частка свету змагаецца за іх зніжэнне”,  – піша амерыканская газета Financial Times.

“На гэтым фоне Саўдаўская Аравія імкнецца знізіць аб’ёмы вытворчасці, каб падтрымаць каціроўкі і захаваць у рэзерве некаторыя вытворчыя магутнасці.

Там асцерагаюцца, што здабыча ў Расеі можа рэзка ўпасці ў канцы 2022 года, калі зробяцца больш жорсткімі заходнія санкцыі супраць яе экспарту нафты. Масква пры гэтым таксама выступае за скарачэнне: у апошнія месяцы яе даходы ад продажу сыравіны зменшыліся, а пакупнікі вымушаюць прадаваць нафту са значнымі зніжкамі”, – папярэджвае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Array