Алена Анісім: Ніл Гілевіч не здрадзіў сваім ідэалам да канца жыцця
30 верасня Беларусь адзначыла 91 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Канешне, гэта дата прайшла па за ўвагай афіцыйнага Менску. Хаця Паэт і Грамадзянін Ніл Гілевіч застаецца зоркай на беларускім небасхіле. За сваю літаратурную працу ён быў узнагароджаны 5 ордэнамі і медалём Францыска Скарыны.
З госцяй Радыё Рацыя, старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, зліквідаванага ўладай, Аленай Анісім паразмаўлялі пра дзейнасць Ніла Гілевіча, яго заслугі і ўплыў на беларускае грамадства.

РР: Ніл Гілевіч меў усё і мог пачываць на лаўрах, але сышоў у апазіцыю. Чаму?
Алена Анісім: Напэўна перш за ўсё таму, што Ніл Гілевіч – сын свайго народа, сын сваёй зямлі. Ён ад самага маленства ўспрыняў увесь лёс сваёй Бацькаўшчыны. І як мы можам даведацца з ягоных твораў, ён з самага маленства жыў тым жыццём, якім жыла ўся Беларусь. Ён прайшоў праз пэўныя пакуты, праз выпрабаванні, праз боль, якія перажылі тыя беларусы, хто апынуўся пад акупацыяй. А таму ён, як чалавек з вельмі чулай душою, а пра гэта сведчыць ягоная творчасць, аказаўся назаўсёды паланёны сваёй зямлёю. І ён не мог ёй ніколі здрадзіць – сваёй Бацькаўшчыне, свайму народу. Менавіта таму Ніл Сымонавіч Гілевіч заўсёды заставаўся верным тым ідэалам, якія ён успрыняў з самага маленства. І ў якія ён верыў усё жыццё. І якім ён не здарадзіў да самага канца.
РР: Якую ролю Ніл Гілевіч адыграў асабіста ў вашым жыцці? І ці адыграў?
Алена Анісім: Пытанне і простае, і складанае. Таму што перш за ўсё Ніл Сымонавіч Гілевіч гэта быў выкладчык філалагічнага факультэта, які, нам студэнтам філфакаўцам, каму пашчасціла ў яго вучыцца, так вельмі ненавязліва прывіваў любоў да фальклору, да народнай творчасці. Менавіта фальклор ён выкладаў у мяне на першым курсе ўніверсітэта. Таму гэта быў першы такі урок, які я ўспрымала ўжо ў досыць дарослым жыцці, таму што гэта было ўжо пасля школы. Другі вельмі моцны урок – гэта ўрок ягонага служэння Бацькаўшчыне і народу, калі ён быў дэпутатам у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь. Дакладней, БССР на той час. І ягоныя палымяныя прамовы, якія немагчыма ні з якімі іншымі параўнаць. Ніхто не мог так выступаць – вельмі пранікнёна, з такой любоўю, з такім болем казаць пра лёс Бацькаўшчыны, асабліва пра лёс роднай мовы, як Ніл Сымонавіч Гілевіч. Калі ён выходзіў да трыбуны, да мікрафона, здавалася, што проста ўся Беларусь суцішвала голас, затойвала дыханне і слухала, слухала, слухала Ніла Гілевіча.
РР: Скажыце, калі ласка, ці блізкая вам яго грамадская пазіцыя?
Алена Анісім: Безумоўна. Ніл Сымонавіч Гілевіч задаў вельмі высокі ўзровень якасцяў чалавека-грамадзяніна. Ён быў вельмі таленавіты. І ён проста безразважна, бязмерна свой талент раскрываў увесь час, усё сваё жыццё. Гэта і ягоныя вершы, гэта ягоныя паэты, пераклады, ягоны гумар, якім прасякнутая яго вельмі значная паэма «Родныя дзеці». Трэба сказаць, што па гэтай паэме людзі праводзілі шматлікія сустрэчы, публічныя чытанні, і гэты твор для многіх застаўся такой легендай, што можна пісаць вельмі проста і ў той жа час праходзіць словам праз сэрца кожнага чытача. І таму Ніл Сымонавіч Гілевіч для многіх , і для мяне таксама, у першую чаргу чалавек высокага грамадзянскага кшталту, чалавек, які ніколі не баяўся выказваць сваю пазіцыю, які бязмерна перажываў за лёс беларускай мовы, які ўсё рабіў для таго, на якім бы месцы ён не знаходзіўся, каб бараніць пазіцыі беларускай мовы, адстойваў гэтыя пазіцыі, усім сваім талентам служыў беларускай мове. І ў гэтым ён для мяне прыклад.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя