Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі „Віцязю” ў КХЛ



Хакейнае менскае „Дынама” пацярпела на хатняй арэне паразу ад „Віцязя” ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. У стартавым перыядзе сустрэчы на „Мінск-Арэне” каманды абышліся без закінутых шайбаў, затое ў наступнай трэці гледачы ўбачылі адразу тры. На 38-й хвіліне вызначыўся Уладзімір Алістраў, да таго моманту „Віцязь” быў ужо наперадзе – 2:0. У заключным адрэзку госці з Падмаскоўя двойчы адрываліся на два галы, але абодва разы менчане намаганнямі Ніка Мерклі і Седрыка Пакета скарачалі разрыў. Аднак апошняе слова ўсё роўна засталося за супернікам, у выніку 5:3 на карысць „Віцязя”. Гэтая параза стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта пятай у апошніх шасці матчах. На гэты момант „Дынама” з 16 ачкамі займае 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Наступны матч „зубры” правядуць 9 кастрычніка ў гасцях супраць ніжагародскага „Тарпеда”.

Данецкі „Шахцёр” прайграў „Рэалу” ў Лізе чэмпіёнаў

У футбольнай Лізе чэмпіёнаў завяршыўся першы круг групавога этапа. Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру мадрыдскі „Рэал” у паядынку 3-га тура квартэта F прымаў у іспанскай сталіцы чэмпіёна Украіны данецкі „Шахцёр”, выйграў з лікам 2:1. У «Каралеўскага клуба» аўтарамі забітых мячоў сталі Радрыга і Вінісіус Жуніёр, у «гарнякоў» – Аляксандр Зубкоў. Браму «Рэала», які працягвае ўзначальваць групу, абараняў украінец Андрэй Лунін. Ён дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў. Нямецкі „Лейпцыг” у гэтай жа групе перайграў на сваім полі шатландскі „Селтык” 3:1.

Нападнік „Манчэстэр Сіці” Эрлінг Холанд аформіў дубль у першым тайме матчу з „Капенгагенам” у групе G. Яго клуб разграміў датчанаў з лікам 5:0. Цяпер нарвежскі форвард мае на рахунку 28 забітых мячоў у 22 матчах Лігі чэмпіёнаў. У паралельнай сустрэчы „Барусія” на выездзе разграміла „Севілью” — 4:1. Кіраўніцтва іспанскага клуба адправіла галоўнага трэнера Хулена Лапетэгі ў адстаўку.

„Пары Сэн-Жэрмэн” на выездзе згуляў унічыю з „Бенфікай” у матчы 3-га тура групы Н. Гульня у Лісабоне завяршылася з лікам 1:1. За парыжан вызначыўся Ліянэль Месі. „Бенфіка” стала 40-м клубам, якому аргенцінец забіў у Лізе чэмпіёнаў. Гэта новы рэкорд. Для параўнання, нападнік „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду засмучаў брамнікаў 38 каманд у самым прэстыжным еўракубку. Таксама ў рамках квартэта сустракаліся „Ювентус” і ізраільскі „Макабі”. Турынцы перамаглі з лікам 3:1 дзякуючы галам Душана Улахавіча і Адрыяна Раб’ё, які аформіў дубль.

У групе Е «Чэлсі» эфектна растаптаў „Мілан” 3:0. Галы забілі Вэслі Фафана, П’ер-Эмерык Абамеянг і Рыс Джэймс. У «Чэлсі» і «Мілана» па 4 ачкі. «Зальцбург» на хатняй арэне абыграў заграбскае «Дынама» 1:0 і з 5 ачкамі ўзначальвае групу.

Цапенкоў прызнаны лепшым гульцом 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе

Берасцейскі дынамавец Кірыл Цапенкоў прызнаны лепшым гульцом 23-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі.
У першым тайме выязнога паядынку з бабруйскай „Белшынай” 18-гадовы нападнік берасцейцаў двойчы запар забіў супернікам эфектнымі далёкімі ўдарамі. Праўда, утрымаць вікторыю гасцям не ўдалося – яны прапусцілі два мячы, і сустрэча завяршылася баявой нічыёй – 2:2. Пасля гэтай гульні берасцейскае „Дынама” набрала 19 ачкоў і займае 13-е месца ў турнірнай табліцы.

Сасновіч прайграла ў 1/8 фіналу турніру ў Астраве

Беларуская тэнісістка 31-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-500 у чэшскай Астраве з прызавым фондам 757 тысяч даляраў.

У 1/8 фіналу беларуска саступіла ў трохсэтавым паядынку 26 ракетцы планеты чэмпіёнцы Уімблдона-2022 прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай – 7:6 (7:5), 4:6, 5:7. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 33 хвіліны.

Беларускае Радыё Рацыя