Агляд прэсы: шапка злодзея
Беларусь выйдзе са складу ААН па правах чалавека. Што рабіць з ядзернай пагрозай Расеі? Германія ўводзіць столю коштаў на газ. Расея не ўспрыняла жарт пра вяртанне Калініграда Чэхіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Грамадзяне Беларусі, якім было адмоўлена ў правасуддзі на радзіме, могуць больш не мець магчымасці звярнуцца ў камісію апошняй інстанцыі. Яны рызыкуюць страціць апошні прававы механізм, каб абскардзіць дзяржаву за парушэнне правоў чалавека, а ўрад збіраецца выйсці з ключавой дамовы ААН», – піша брытанскі часопіс Institute for War & Peace Reporting.
«Першы факультатыўны пратакол Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) дазваляе Камітэту па правах чалавека ААН атрымліваць і разглядаць скаргі ад асоб. Рашэнне адносна працягу такой мажлівасцi павінна быць прынята да канца года, і Лукашэнка, напэўна, ухваліць выхад Беларусі з арганізацыі. Анаіс Марын, спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з 2018 года сігналізуе пра пастаянныя парушэнні пакта. У сваю чаргу Беларусь не прызнала мандат Марын і не пускае яе ў краіну. Цяперашні рэжым забяспечвае беспакаранасць злачынцаў.
Беларусь стала ўдзельнікам пакта з 30 верасня 1992 года. З таго часу камітэт разгледзеў больш за 100 індывідуальных скаргаў супраць Беларусі. Аднак Менск не з’яўляецца членам Рады Еўропы і не падпісаў Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, таму яго грамадзяне не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, які з’яўляецца галоўным інструментам Рады Еўропы. Пасля выхаду з пратакола беларусы не змогуць звяртацца ў камітэт як да апошняй інстанцыі пасля таго, як не выйгралі ў беларускіх судах па пытаннях правоў чалавека, пачынаючы ад адвольных затрыманняў і катаванняў і заканчваючы палітычнымі забойствамі», – канстатуе брытанскае выданне.
Ці сапраўды Расея мае намер выкарыстоўваць ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны? Гэтае пытанне хвалюе зараз не толькі Еўропу. На відэазапісе, які днямі курсіраваў у сацыяльных сетках, бачна, як расейскі эшалон з узбраеннем ядзернага прызначэння накіроўваецца да межаў Украіны. Па меркаванні экспертаў, эшалон мог перавозіць толькі неабходныя боепрыпасы. Аглядальнікі па-рознаму ацэньваюць пагрозу. «Пуціну толькі на руку, калі Захад лічыць ягоныя паводзіны ірацыянальнымі», – лічыць эстонская газета Eesti Päevaleht.
«Свой разлік Пуцін будуе на тым, што страх заходняй грамадскасці перад ядзернай зброяй апынецца дастаткова вялікім, і Захад паспяшаецца прапанаваць яму выхад з сітуацыі. Аднак гэтыя чаканні перабольшаныя. Ужыванне невялікага тактычнага ядзернага боепрыпасу ў лепшым выпадку створыць на лініі фронту двухкіламетровы пралом. Адпаведна, гэта прынесла б не рашаючы поспех на полі бою, але толькі рост грамадскай падтрымкі на карысць больш рашучых крокаў супраць Расеі. Нават Кітай даў зразумець, што ўжыўшы бомбу, Расея перасягне чырвоную рысу і пазбавіцца маўклівай падтрымкі з боку Пекіна», – піша эстонскае выданне.
На мінулым тыдні ўрад Нямеччыны прыняў рашэнне аб увядзенні ў краіне столі коштаў на прыродны газ. Гэты крок улады робяць з мэтай зніжэння нагрузкі па аплаце расходаў на энергію і ацяпленне для хатніх гаспадарак і прадпрыемстваў. На гэтыя мэты мяркуецца выдаткаваць 200 мільярдаў еўра. Іншыя краіны ЕЗ, а таксама Еўракамісія падвергнулі Берлін рэзкай крытыцы за гэтае рашэнне. Як расцэньваць гэты пакет мер, прыняты нямецкім кабінетам: як спробу займець перавагу ў параўнанні з астатнімі краінамі супольнасці? «У сферы энергетыкі Нямеччына на працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў аддавала перавагу дзейнічаць у адзіночку», – такую крытыку выказвае славацкая газета Új Szó.
«Калі б Нямеччына ў свой час пагадзілася на сумесныя закупкі энерганосьбітаў, то тады існавалі б ужо і такія закупкі, і шматлікія так званыя інтэрканектары, якія злучалі б паміж сабой сеткі асобных краін. У такім выпадку быў бы створаны і больш наладжаны механізм салідарнага, сумеснага выкарыстання назапашвальнікаў, размешчаных у розных краінах. А зараз мы назіраем, як насоўваецца навальніца, і са здзіўленнем заўважаем, што ў нас няма нават парасона! Усе ўрады Нямеччыны, незалежна ад сваёй ідэалагічнай скіраванасці, нязменна падтрымлівалі праект будаўніцтва «Паўночнага патока», – падкрэслівае славацкае выданне.
У сацыяльных сетках набірае папулярнасць саркастычная рэпліка наконт спробаў Масквы анэксаваць украінскія тэрыторыі: а чаму б Чэхіі не рушыць услед прыкладу Расеі і не анэксаваць Калінінград? У рэшце рэшт, горад быў заснаваны ў XIII стагоддзі не кім іншым, як чэшскім каралём Пржэмыслам Отакарам II. Тады ж гэтая крэпасць і была названая Кёнігсбергам (па-чэшску: Кралавец). Здавалася б – сатыра, але рэакцыя на яе рушыла ўслед больш, чым красамоўная. Прынамсі расейскія СМІ цалкам паверылі ў намеры Чэхіі. У адказ польская газета Rzeczpospolita развівае ідэю яшчэ далей.
«Дастаткова павяртаць старую назву і правесці рэферэндум (могуць прагаласаваць грамадзяне рэгіёна і ўсе грамадзяне Чэхіі), і справа ў капелюшы! Разам вырашацца і іншыя састарэлыя праблемы. Пашырыцца мяжа Польшчы з НАТО. Чэхі, нарэшце, атрымаюць доступ да Балтыйскага мора і змогуць узнавіць свой ваенна-марскі флот, расфармаваны яшчэ ў 1992 годзе. На чэшскіх верфях у Кёнігсбергу будуць будавацца натаўскія крэйсеры і авіяносцы, на якіх змогуць несці службу чэшска-польскія экіпажы», – саркастычна заўважае польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Array