Праваабаронца: Нобелеўская прэмія міру Бяляцкаму дае надзею ўсім беларускім палітвязням
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўганараваны Нобелеўскай прэміяй міру.
Гэтая высокая ўзнагарода як знак якасці працы самай эфектыўнай праваабарончай арганізацыі ў Беларусі. Але галоўная заслуга ў гэтай ўзнагародзе ўсё ж такі самога Алеся, лічыць праваабаронца-публіцыст Уладзімір Хільмановіч:
-Гэта, безумоўна, прызнанне найперш асабістых заслуг Алеся Бяляцкага, які дзесяцігоддзямі змагаўся за справядлівасць, за правы грамадзян, за нацыянальнае адраджэнне. І стварыў моцны праваабарончы рух на тэрыторыі ўсёй Беларусі.
Паводле гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, такое рашэнне дае надзею для ўсіх беларускіх палітвязняў і дэмакратычнай супольнасці на хуткія станоўчыя змены:
-Гэта ўсё ж такі сусветнае прызнанне. Таму, безумоўна, як бы ні ставіліся цяпер да постаці Алеся Бяляцкага тыя, хто не зусім узрадаваны гэтай прэміяй, яны мусяць з гэтым лічыцца. Я ў гэтым перакананы.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі з 14 ліпеня 2021 года разам з іншымі праваабаронцамі «Вясны» знаходзіцца ў СІЗА ў Менску. Нобелеўскі камітэт звярнуўся да цяперашніх уладаў Беларусі з заклікам вызваліць праваабаронцу.
Але на разумнае рашэнне ўладаў вялікіх спадзеваў няма, лічаць калегі Бяляцкага.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
