„Віцебск” абыграў „Нёман” у матчы беларускай хакейнай экстралігі
Трыма матчамі ў Менску, Віцебску і Магілёве працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Найбольш шайбаў заўзятары ўбачылі на матчы „Юнацтва” і „Хіміка”. Ужо да сярэдзіны стартавай трэці мінчане вялі ў дзве шайбы, а пасля падвоілі перавагу. Ад буйной паразы навапалачане выратаваліся ў самым канцы, закінуўшы двойчы за паўтары хвіліны да фінальнай сірэны – 4:2 на карысць”Юнацтва”. У паралельнай гульні „Віцебск” мінімальна перайграў гарадзенскі „Нёман” – 1:0, пераможную шайбу аформіў форвард „мядзведзяў” Ілля Камбовіч. Дзякуючы гэтаму поспеху паўночнікі ўмацавалі лідарства ў турнірнай табліцы, зараз перавага „Віцебска” над пераследнікамі складае тры балы. Яшчэ адзін матч панядзелка паміж „Брэстам” і „Магілёвам” скончыўся на карысць берасцейцаў – 2:1, што дазволіла ім вярнуцца ў топ-6 экстралігі. Магілёўцы пацярпелі сёмую няўдачу запар.
Міхаіл Гардзяйчук стаў аўтарам лепшага гола верасня
Па выніках галасавання сярод беларускіх журналістаў, гол Міхаіла Гардзяйчука ў браму „Мінска” стаў лепшым у верасні. Нагадаю, што ў той гульні беларус вызначыўся дублем, што дапамагло берасцейскаму „Дынама” набраць тры ачкі і павысіць шанцы на захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне.
Футбалісткі Беларусі і Расеі згулялі ўнічыю
Футбалісткі зборных Беларусі і Расеі згулялі ўнічыю ў таварыскім матчы ў Менску. У канцы першага тайма сустрэчы на полі сталічнага стадыёна „Трактар” Валерыя Белая вывела беларусак наперад, а перад самым перапынкам Даніэла Басаева зраўняла лік. У другой палове гульні Медэя Жаркова забіла другі мяч у браму гаспадынь поля, а незадоўга да перапынку Анастасія Шлапакова ўсталявала канчатковы лік – 2:2.
У першым паядынку гэтых суперніц на „Барысаў-Арэне” з лікам 2:0 перамаглі расейкі. Абодва мячы ў свой актыў запісала Алена Рукіна.
„Лацыё” на выездзе разграміў „Фіярэнціну”
У матчы 9-га тура чэмпіянату Італіі па футболе „Фіярэнціна” на хатняй арэне буйна прайграла „Лацыё” з лікам 0:4. За рымлянаў забівалі Весіна, Цаканьі, Луіс Альберта і Імобіле. Пасля чацвёртай перамогі запар „Лацыё” займае 3-е месца ў турнірнай табліцы.
Месі, Раналдзіньё і Буфон згуляюць у „Матчы міру” ў памяць аб Марадоне
Напярэдадні старту чэмпіянату свету будзе праведзены „Матч міру” ў памяць аб Дыега Марадоне, паведамляецца на сайце платформы We Play For Peace. Мерапрыемства пройдзе 14 лістапада на Алімпійскім стадыёне ў Рыме. У ім прымуць удзел форвард „ПСЖ” і зборнай Аргенціны Ліянэль Месі, бразілец Раналдзіньё, італьянец Джанлуіджы Буфон, галоўны трэнер „Ромы” Жазэ Мурынью.
Марадона памёр 25 лістапада 2020 года ва ўзросце 60 гадоў. Раней яго імем быў названы стадыён італьянскага „Напалі”, у складзе якога Марадона стаў чэмпіёнам Італіі і ўладальнікам Кубка УЕФА.
Беларускае Радыё Рацыя