Данецкі „Шахцёр” не ўтрымаў перамогу над „Рэалам” у Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты данецкага „Шахцёра” не ўтрымалі перамогу над мадрыдскім „Рэалам” у матчы Лігі чэмпіёнаў. Гуляючы ў Варшаве, чэмпіёны Украіны выйшлі наперад у самым пачатку другога тайма пасля дакладнага ўдару Аляксандра Зубкова. Дзеючыя пераможцы турніра прыклалі нямала намаганняў, каб пазбегнуць паразы і на 5-й кампенсаванай хвіліне сустрэчы Антоніа Рудзігер зраўняў лік – 1:1. „Рэал” выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. У другім паядынку 4-га тура групы F шатландскі „Селтык” прайграў у Глазга нямецкаму „Лейпцыгу” 0:2. У 1/8 фіналу галоўнага кантынентальнага турніру прабіўся таксама лідэр групы G ангельскі „Манчэстэр Сіці”, які з 30-й хвіліны гуляў у меньшасці і не змог забіць дацкаму „Капенгагену” – 0:0. Нямецкая „Барусія” ў Дортмундзе разышлася мірам з іспанскай „Севільяй” – 1:1.
У квартэце Н турынскі „Ювентус” нечакана прайграў у Хайфе ізраільскаму „Макабі” 0:2. У другім матчы „Пары Сэн-Жэрмэн” і партугальская „Бенфіка” з Лісабона ў сталіцы Францыі не выявілі пераможцу – нічыя 1:1.
У групе Е лідарам стаў лонданскі „Чэлсі”, які абыграў на выездзе італьянскі „Мілан” 2:0. У Заграбе харвацкае „Дынама” згуляла ўнічыю з аўстрыйскім „Зальцбургам” – 1:1.
„Дынама” прайграла СКА ў КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” ў гасцях саступілі СКА з Санкт-Пецярбурга ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. У стартавым перыядзе каманды абмяняліся шайбамі: на гол „армейца” Аляксандра Волкава адказаў дынамавец Павел Варфаламееў, які працягнуў сваю выніковую серыю да пяці матчаў. Наступная трэць засталася за мінчанамі, якія выйшлі наперад намаганнямі Джона Гілмара. Для канадскага абаронцы „зуброў” гэты дакладны кідок стаў першым у бягучым сезоне. Лідарства „Дынама”, аднак, працягнулася нядоўга: гаспадары аднавілі парытэт у дэбюце фінальнага адрэзка. Больш у асноўны час лік не мяняўся, але ў авертайме пецябруржцы ўсё ж такі апынуліся мацнейшымі – 3:2. Гэтая параза стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта трэцяй запар і сёмай у апошніх васьмі матчах. Тым не менш „зубры” працягваюць ісці на 8-м радку Заходняй канферэнцыі, маючы 17 балаў. СКА ў сваю чаргу ўмацаваў лідарства на Захадзе з 33 ачкамі. Наступны матч „Дынама” правядзе ў чацвер у гасцях у маскоўскага „Спартака”.
Хакеісты „Шахцёра” разграмілі „Дынама-Маладзечна” ў беларускай экстралізе
Трыма матчамі ў Гомелі, Лідзе і Салігорску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Дзеючы чэмпіён краіны „Металург” на чужой пляцоўцы ўпэўнена разабраўся з „Лідай” – 7:4. Дзве шайбы і 3 перадачы на рахунку расійскага форварда „сталёвых ваўкоў” Міхаіла Анісіна, таксама дублем у гасцей адзначыўся Яраслаў Сергіеўскі. Не адсталі ад жлабінчан і іх суседзі па табліцы – „гарнякі” на сваім лёдзе закінулі 6 шайбаў „Дынама-Маладзечна”. Двойчы закінулі нападнікі „Шахцёра” Магамед Гімбатаў і Аляксандр Жыдкіх. У яшчэ адной гульні аўторка аршанскі „Лакаматыў” на выездзе ўсухую перайграў „Гомель” – 3:0. Пасля 14 матчаў у чэмпіянаце Беларусі па хакеі лідыруе „Віцебск”, у якога 22 балы.
Івашка выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Іспаніі
Беларускі тэнісіст Ілья Івашка пераможна стартаваў на турніры катэгорыі АТР-250 у іспанскім Хіхоне з прызавым фондам 612 тысяч даляраў. У першым раундзе беларус, які займае 70-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолеў у трохсэтавым паядынку іспанскага тэнісіста Фелісіяна Лопеса, які знаходзіцца на 415-й пазіцыі, – 6:3, 6:7 (5:7), 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 20 хвілін. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Ілья Івашка сустрэнецца з дзевятай ракеткай планеты расейцам Андрэем Рублёвым.
Беларускае Радыё Рацыя