Беларусы Беластока распачалі сезон маржавання



Аб’яднанне вольных спартоўцаў Беларусі падвяло вынікі конкурсу да Дня спартовай салідарнасці, які праводзіўся з 30 верасня па 2 кастрычніка. Пераможцы конкурсу – дыяспары беларусаў у Беластоку, Дзюсельдорфе і Уроцлаве.

Як кажа арганізатар спартовай акцыі ў Беластоку Аляксандр Каваленка, такія конкурсы і святы – гэта ў першую чаргу спосаб для беларусаў быць разам.

– Тое, чаго баяўся Лукашэнка пасля 2020 года, такога дваровага піцця гарбаты, таму што ім не патрэбна, каб людзі былі разам. Рэжым хацеў, каб кожны быў асобна, таму што паасобку задушыць проста, а калі людзі разам, то яны дапамагаюць адно аднаму ў розных пытаннях. Таму для мяне гэта вось што 2020 год – шматлікія людзі пазналі адзін аднаго і так аб’ядналіся.

На акцыі з нагоды Дня спартовай салідарнасці беларусы Беластока распачалі сезон маржавання. Такія сустрэчы цяпер будуць адбывацца штонядзельна на гарадскім пляжы. Аляксандр Каваленка запрашае далучыцца ўсіх жадаючых – не абавязкова акунацца ў ваду, можна проста выпіць гарбаты і пагутарыць з аднадумцамі.

Беларускае Радыё Рацыя