Іна Снарская: Украіне патрэбна далёкабойная зброя
Беларуская паэтка Іна Снарская родам з Полацка, але даўно жыве ў Палтаве ва Украіне. У свой час яна скончыла Наваполацкі палітэхнічны інстытут і Палтаўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Караленкі. Працавала ў Палтаўскай абласной тэлерадыёкампаніі “Лтава”.

Да вайны, якую нахабна распачала Расея супраць Украіны, Іна часта наведвала родную Беларусь, сваю Полаччыну. Але ўжо даўно не была на Бацькаўшчыне. Іна з’яўляецца сябрам Нацыянальнай спілкі журналістаў Украіны і сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Таленавітая паэтка выдала шмат сваіх паэтычных зборнікаў. Яна піша па-беларуску і па-ўкраінску.
З-пад пяра паэткі свет пабачылі зборнікі вершаў “Пацеркі”, “Пачакай, мая птушка”, “Лясна панна”, “Кветка Гарынь”, “Вогнепаклонніца” і іншыя.
Пасля бамбёжка расейскімі ракетамі гарадоў Украіны і яе мірных жыхароў, наш карэспандэнт пагутарыў з Інай Снарскай і запытаў у яе пра сітуацыю ў Палтаве. Вось што сказала беларуска:
– Усе жывыя, дзякуй Богу! Але няма чаго казаць, акрамя таго, што жыццё працягваецца. Панікі няма, толькі лаюць на ворагаў. Ніхто здавацца не збіраецца, мы ўсё роўна пераможам! На днях доўга не было святла. Многія вобласці перайшлі на веерныя адключэнні святла, каб пазбегнуць аварыйных. Псіхалагічна цяжка. Сёння паветраная трывога трывала 5 гадзін. Уначы было тры. Шкадую толькі, што ў свой час у вёсцы разабралі печ. Вораг б’е па інфраструктуры гарадоў і проста куды папала. Ну, думаю, вы пра гэта ведаеце і навіны чытаеце.
Надзея толькі на Бога і ЗСУ. Калі б у нас была больш надзейная ППА, такіх масавых абстрэлаў не адбылося б. Людзі пра гэта гавораць на вуліцах і ў крамах. Спадзяёмся, што краіны ЕЗ і НАТА ўсё ж больш актыўна і хутка адгукнуцца на патрэбы Украіны адносна далёкабойнай зброі і ППА. Нам яна вельмі неабходна…
Беларускае Радыё Рацыя