Агляд прэсы: Рашэнне – на далоні
Ці сапраўды Лукашэнка ўцягне Беларусь у вайну, якую Расея прайграе? Гатоўнасць Расеі да перамоваў. Ці выйдзе юстыцыя ў Гішпаніі з блакады? Швейцарыю абавязалі перагледзець пенсіі ўдовам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дыктатар Лукашэнка акуратна балансуе падчас вайны ва Ўкраіне. 24 лютага расійскія войскі, якія сабраліся на тэрыторыі Беларусі, перайшлі мяжу з Украінай, выкарыстоўваючы яго краіну як плацдарм для найбуйнейшага ўварвання ў Еўропу з часоў Другой сусветнай вайны. Лукашэнка не ўключыўся ў вайну наўпрост і не паслаў у бой свае войскі, часам заяўляючы, што адчувае, што ўварванне «зацягваецца» – піша брытанская газета The Guardian.
«Цяпер сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна зноў выклікалі асцярогі, што ён збіраецца ўступіць у бойку. Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея разгортваюць сумесную вайсковую групоўку і што ў бліжэйшыя дні ў яго краіну для вучэнняў прыбудуць тысячы расейскіх вайскоўцаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас пасяджэння G7 у аўторак забіў трывогу, прапанаваўшы накіраваць міратворцаў ААН на мяжу паміж Украінай і Беларуссю , каб не даць Лукашэнку распачаць «правакацыю». Тым не менш, больш сур’ёзныя пытанні могуць быць палітычнымі. Перажыўшы пратэстны рух у 2020 годзе, Лукашэнка не захоча далей рызыкаваць сваім становішчам дзеля вайны, якая, паводле неафіцыйных апытанняў, вельмі непапулярная ў Беларусі. І калі Расея зараз адступае, уступленне ў вайну можа звязаць яго лёс з уварваннем, якое, верагодна, скончыцца правалам», – піша брытанскае выданне.
У лістападзе на Балі пройдзе саміт Вялікай дваццаткі. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. На днях міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў даў зразумець, што Крэмль можа ўявіць сабе асабістую сустрэчу кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. «Калі паступіць прапанова, тады мы будзем яе разглядаць», – сказаў Лаўроў. Байдэн у сваю чаргу заявіў у інтэрв’ю CNN, што не бачыць «важкіх падстаў» для сустрэчы. Аглядальнікі па-рознаму інтэрпрэтуюць словы Лаўрова. Па меркаванні аўстрыйскай газеты Kleine Zeitung, заявы Лаўрова – гэта суцэльная крывадушнасць.
«Ці можна сказаць, што намячаецца выхад з вайны ва Украіне, якая ўзмацняецца з кожным днём? Адказаць на гэтае пытанне можна даволі хутка. Свае словы Лаўроў дапоўніў наступнай фразай: Расея, маўляў, гатова да размовы, але ад мэт сваіх не адмовіцца. А мэты такія: Украіна павінна змірыцца са стратай тэрыторый (нічога не атрымаўшы наўзамен), адмовіцца ад уступлення ў НАТО, быць цалкам дэмілітарызаванай і «дэнацыфікаванай» (чытай: дэўкраінізаванай). Што гэта значыць на справе? Тое, што Ўкраіна была б аддадзена Маскве з трыбухамі. Ясна, што падобная сітуацыя не заслугоўвае таго, каб звацца «мірам», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Абвастраецца крызіс у судовай сістэме Гішпаніі: паколькі асноўныя партыі блакуюць абнаўленне складу так званай Рады суддзяў, шматлікія важныя пасады ў судовым апараце застаюцца незанятымі. На днях у адстаўку падаў Карлас Лесмес, які займаў пасаду старшыні Савета суддзяў і кіраўніка Вярхоўнага суда Іспаніі. Прэм’ер-міністр Педра Санчэс пачаў перамовы з лідэрам апазіцыі Альберта Нуньесам Фейхоа. «Лепш позна, чым ніколі», – рэзюмуе гішпанская газета El Periódico de Catalunya.
«Мяркуючы па ўсім, гэтая даўно абвешчаная і нарэшце адсталая адстаўка прымусіць кіраўніка ўрада Санчэса і лідэра Народнай партыі Нуньеса Фейхоа абнавіць судзейскі орган, мандат якога скончыўся тры гады і дзесяць месяцаў таму. Іх няздольнасць зрабіць гэта, перш за ўсё з-за блакіруючай пазіцыі Народнай партыі, прывяла да краху судовай сістэмы, справакавала беспрэцэдэнтны істытуцыянальны крызіс і нанесла ўрон рэпутацыі Гішпаніі ў Еўразвязе. Калі сустрэча, нарэшце, дапаможа зняць гэтую блакаду, то мы павінны будзем падзякаваць Лесмесу за яго адстаўку, нават калі па-ранейшаму застаецца пытанне, чаму ён не зрабіў гэтага раней», – адзначае гішпанскае выданне.
Еўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэнне, якое абавязвае Швейцарыю рэфармаваць заканадаўчыя правілы датычна прызначэння ўдовам пенсій па страце карміцеля. На дадзены момант такога кшталту пенсія выплачваецца аўдавелым жанчынам неабмежаваны перыяд часу. А вось аўдавелыя мужчыны маюць права на атрыманне выплат толькі ў тым выпадку, калі на руках у іх засталіся непаўналетнія дзеці – і толькі да таго часу, пакуль тыя не дасягнуць паўналецця. Адзін з удаўцоў падаў пазоў у ЕСПЧ. Якое рашэнне зараз будзе прынята: пашырыць выплаты мужчынам – ці ж скараціць іх жанчынам?
Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung таксама выступае за перамены.
«На працягу многіх гадоў, чаго там – нават дзесяцігоддзяў Федэральная рада- урад і парламент спрабавалі абмежаваць дамаганні ўдоў і знайсці рашэнне, якое адказвае патрабаванням сучаснасці. Але як толькі справа пачынае набываць сур’ёзны зварот, мы кожны раз назіраем адкат назад: дзіва што, пайсці супраць удоў – справа палітычна рызыкоўнае і ачкоў на ёй не заробіш. Сітуацыя, пры якой асобе, якая страціла мужа ці жонку, выплачваецца пажыццёвая пенсія проста ў сілу ўдаўства, не вытрымлівае ніякай крытыкі – гэта тычыцца як мужчын, так і жанчын. Так, у выпадку бяздзетных удоў узнікае пытанне: а ці не варта чакаць, што яны пачнуць забяспечваць сябе самі?», – задаецца пытаннем швейцарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array