Зянон Пазьняк: Над намі навісла вялікая небяспека
У беларускім дэмакратычным асяроддзі паўстаў новы рух пад назвай “Вольная Беларусь”. Галоўным яго натхняльнікам і стваральнікам з’яўляецца старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ – Зянон Пазьняк.

Чым адметны новы рух, ці плануе ён супрацаваць з іншымі дэмакратычнымі плынямі, ды што важнае трэба цяпер ведаць кожнаму беларусу? Пра ўсё гэта палітык распавядзе ў размове з Янай Запольскай:
РР: Нядаўна прыйшла інфармацыя, што адбыўся першы ўстаноўчы сход, які называецца „Вальны сойм новага руху «Вольная Беларусь»”. Вальны сойм адбыўся 2 кастрычніка. Мы паведамлялі пра гэтую падзею ў сваіх навінах. Але цікава з першых вуснаў атрымаць інфармацыю. Па-першае, наколькі гэтая падзея важная для вас асабіста? Наколькі яна можа на сённяшні дзень змяніць сітуацыю ў дэмакратычным руху Беларусі?
Зянон Пазьняк: Яна важная стратэгічна для нашага руху, для нашай нацыянальнай будучыні. Таму што рэжым і Расея, разам з немцамі, яны знішчылі нацыянальную альтэрнатыву, размалацілі Фронт. І нарадзілі прарасейскую апазіцыю праз «Газпром». І таму зараз беларусы не маюць нацыянальна-вызвольнай апазіцыі. І няма каму змагацца за будучыню нацыі. Гэта не так, як было 30 гадоў назад, калі быў Народны Фронт, які змагаўся за свабоду і дэмакратыю нацыі і прывёў да незалежнасці. Цяпер гэтага няма. Таму гэта трэба стварыць. Гэта вельмі цяжка было сёння стварыць у Беларусі, хаця мы стараліся, таму што калі адбываецца раскол, разбіццё і занятыя нішы, тады вельмі цяжка, асабліва калі акупацыйны рэжым гэтаму супрацьстаіць. Зараз задача такая, каб з тых эмігрантаў, якіх шмат ва ўсім свеце, таму што сотні тысяч беларусаў выехалі, з людзей, якія сведамыя, якія разумеюць задачы барацьбы, дэмакратыі, нацыі, а такіх ёсць дастаткова, стварыць такі рух. Адначасна ён ствараецца і ў Беларусі, і за мяжой. Толькі ў Беларусі ён можа быць падземны, таму што там акупацыя, там ідуць рэпрэсіі, тэрор. І таму падрабязна распісана ў Статуце, які павінен быць рух у Беларусі, суполкі не больш 2-3 чалавек, якія задачы пастаўленыя. І вось гэта ўжо ёсць. Гэта мы называем як «тарфяны пажар», калі рыхтуецца рух, які пакуль не сведчыць пра сябе, а развіваецца ўнутрана. Што датычыць заходняй часткі, то па ўсім свеце вельмі шмат беларусаў, і задача гэты рух падняць у сусветным маштабе. Гэта значыць, і ў Штатах, і ў Канадзе, і ў Еўропе.
На Вальны сойм былі запрошаны і прыехалі прадстаўнікі з Нямеччыны, у асноўным былі з Польшчы. Ёсць суполкі ў Злучаных Штатах, арганізуюцца ў Нарвегіі і іншых краінах Еўропы. І задача стаіць зараз арганізацыйная. Тых суполак, якія ёсць, пакуль вельмі недастаткова, павінна быць праведзеная вялікая арганізацыйная праца. І гэтая нацыянальная апазіцыя, якая будзе створаная, яна ўжо ствараецца, яна возьме на сябе адказнасць за лёс Бацькаўшчыны. І адпаведна будуць створаныя структуры – і ўрадавыя, і якія адказваюць за бяспеку. А галоўная задача, якая пастаўлена зараз перад рухам, яны зыходзяць з задачаў часу: гэта перш за ўсё дапамога Украіне, дапамога палку Каліноўскага, канкрэтная дапамога, таму што стаўка робіцца на развіццё палка Каліноўскага, на развіццё беларускага войска, каб яно было сведама нацыянальна матываваным, добра ўзброеным, і ў гэтай вайне гэта будзе тая апора, якая дасць магчымасць знесці гэты пракляты рэжым. Гэта першае. І другая прыярытэтная задача – гэта спрыяць нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў, якія апынуліся за мяжой у чужым асяроддзі. Вельмі важна, каб яны захавалі сваю мову, сваю нацыянальную сведамасць, веданне сваёй гісторыі, сваю салідарнасць. І вось у гэтым сэнсе прадугледжваецца і культурная праца, і асветніцкая праца, і выпуск кніг, таму што ў выніку цяжкасцяў, якія склаліся ў нашай культуры, гэта мала хто ведае. А гэта геніі сусветнага ўзроўню. Вось гэта ўсё будзе паказана, усё выяўлена тымі людзьмі, якія апынуліся за мяжой, і якія тут павінны падымаць беларускую культуру, якая вернецца ў вольную Беларусь. Вось коратка пра задачы і дзеля чаго ўсё гэта робіцца.
РР: Зянон Станіслававіч, калі ўсё абагульніць, ці правільна я гэта зраблю, можна сказаць, што на сённяшні дзень новы рух «Вольная Беларусь» мае свае арганізацыйныя задачы, а таксама мусіць займацца захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, можна сказаць, рух павінен капіць патэнцыял. Можна так сфармуляваць?
Зянон Пазьняк: Ну безумоўна. Капіць патэнцыял, і маем два прыярытэты. Гэта асвета, нацыянальная культура, захаванне ідэнтычнасці, выхаванне моладзі. Бо мы павінны захавацца за мяжой. І развіць нашыя структуры. І другое – гэта дапамога ў вайне Украіне. Гэта фармаванне нашых ваенных аддзелаў. І вось гэта – два прыярытэты. Канешне, прадугледжваецца і другая розная дзейнасць. Але вельмі важная прыярытэтная. Таму што справа ідзе аб захаванні нашай дзяржавы, нашай нацыі. Над намі навісла вялікая небяспека. І ў гэтым накірунку мы павінны працаваць.
Цалкам размова:
Нашым госцем быў Зянон Пазьняк, стваральнік новага руху “Вольная Беларусь”, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Array