“Лібрэта лета” Алеся Ветаха
У Менску выйшла з друку кніга прозы і паэзіі Алеся Ветаха (Алеся Бельскага) “Лібрэта лета”. Кніга арыгінальна выдадзена і з паліграфічнага пункту гледжання, гэта кніга-перакрутка.

Цікава яшчэ і тое, што Алесь Ветах, ён жа Алесь Бельскі, а гэта доктар філалагічных навук, прафесар, у бацькоўскім доме ў Цімкавічах на Капыльшчыне, адшукаў свае нататнікі, сшыткі з абразкамі, замалёўкамі, мініяцюрамі, якія ён пісаў у студэнцкія гады і ў гады маладосці. Яны ляжалі ў невялікім чамаданчыку ў хатняй бібліятэцы. Многія з гэтых твораў друкаваліся ў тагачаснай перыёдыцы. А цяпер, асабліва, аўтару захацелася перачытаць тое, што некалі ён рыхтаваў, як творчыя заданні для ягоных універсітэцкіх выкладчыкаў Яўгена Камароўскага і Віктара Каратая, якіх ужо няма на гэтым свеце.
Дарэчы, у 1990-я гады выйшлі з друку кнігі прозы Алеся Ветаха “Ружовая знічка” (1994) і “Хроніка смутку” (1999), але не ўсё тады ўвайшло ў гэтыя выданні. І вось лепшае ранейшае, адшуканае пабачыла свет у асобнай кнізе “Лібрэта лета”.
Вершы, якія ўвайшлі ў “Лібрэта лета”, былі напісаныя 20-30 гадоў таму. Гэта нават не вершы, а нейкія імгненні жыцця, летуценні пра каханне, радасць, сум і надзея. Радкі паэта, напісаныя ў той далёкі час, гучаць і сёння, як абагульняючая формула, як паэтычнае выражэнне аптымізму маладосці – маладосці равеснікаў паэта, тых людзей, для якіх было захаванне вернасці абавязку перад каханнем і маладосцю. Вера паэта і сёння мае, такім чынам, і сваю сацыяльна канкрэтную і ўзростава-юнацкую аснову, і яна ў сваім рамантычным пафасе – застаецца нявыдуманай і жывой
З другой перакруткі кнігі Алеся Ветаха надрукаваныя кароткія аповеды, абразкі і мініяцюры з нататнікаў і сшыткаў, якія аўтар адшукаў у бацькоўскай хаце ў тым самым старым чамаданчыку. Сабраныя разам гэтыя творы ствараюць пэўнае ўяўленне і развіццё творчай індывідуальнасці пісьменніка на мяжы ХХ і ХХI стагоддзяў.
Для афармлення вокладкі Алесь Ветах выкарыстаў рэпрадукцыю акварэлі Алеся Квяткоўскага “Уваход у грыбы”. І яна, сапраўды, падыходзіць да гэтай кнігі, як уваход у тое далёкае маленства і юнацтва і такое, здаецца, зусім блізкае.
Беларускае Радыё Рацыя