Першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі прыбылі ў Беларусь
У Беларусь прыбылі першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, паведамляе прэс-служба беларускай Мінабароны.
«Мы прыбылі на беларускую зямлю, шчыра скажу, сустрэча была нечаканая, вельмі цёплая, вельмі прыемна. Прыехалі ў Рэспубліку Беларусь аказаць дапамогу брацкаму беларускаму народу, гатовы выканаць любыя задачы, якія атрымаем ад камандавання, гэта значыць у нас настрой ва ўсіх баявы, дух баявы, гатовы выканаць любыя задачы», — заявіў намеснік камандзіра расейскай роты Віктар Смеян.
Аляксандр Лукашэнка ў пачатку тыдня заявіў, што за два дні да гэтага дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў СД. Паводле яго слоў, распараджэнне ўжо было аддадзена. Ён паведаміў, што ў Беларусь павінны прыбыць тысячы расейскіх вайскоўцаў. Разгортванне рэгіянальнай групоўкі Лукашэнка абгрунтаваў нібы рыхтаваным нападам з боку Украіны і краін НАТА.