У Беластоку прайшла „Беларуская вечарына”



У Беластоку ў клубе Fama прайшла „Беларуская вечарына”. 

У мерапрыемстве ўдзельнічала каля двух соцень беларусаў, якія жывуць у Беластоку і з розных прычын не могуць зараз вярнуцца на Радзіму. У цёплай і ўтульнай абстаноўцы ўдзельнікі вечарыны маглі спакойна паразмаўляць між сабою, пазнаёміцца, на імправізаваным кірмашыку набыць рэчы з нацыянальнай сімволікай. А разынкай усёй вечарыны стаў канцэрт гурта NaviBand. 

Гаворыць арганізатар вечарыны, кіраўнік фонда «Акно на ўсход» – Павел Міцкевіч:

– „Беларуская вечарына” – гэта важная імпрэза для таго, каб усе людзі, якія выехалі з Беларусі не па сваёй волі, змаглі знайсці нейкі момант, калі могуць спыніцца і паглядзець, што вакол, адно на аднаго паглядзець, набрацца сілаў, адно аднаму дапамагчы, стаць зноў на ногі і рухацца далей. Таму для нас вельмі важна, каб было такое, каб хаця б на гадзіну забыцца на тое, што зараз адбываецца ў свеце і паглядзець, што нас многа і мы – сіла.

„Беларуская вечарына” ў Беластоку праводзіцца другі раз. Першая такая імпрэза адбылася год таму. Тады беларусаў забаўляў канцэртам таксама гурт NaviBand.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя