Наталля Васілевіч: Гэта хутчэй унутрыпалітычная тэма, нават унутрыэканамічная
Госця Рацыі – Наталля Васілевіч, тэолаг, палітолаг, прадстаўніца ініцыятывы “Хрысціянская візія”. Наш карэспандэнт Стас Дэдэрка размаўляе з ёй наконт сітуацыі з Чырвоным касцёлам у Беларусі і пра дзейнасць “Хрысціянскай візіі”.

РР: Як увогуле так атрымалася, што “Хрысціянская візія” стала галоўным правадніком навінаў з Беларусі, якія звязаныя менавіта з рэпрэсіямі супраць вернікаў і святароў розных канфесій, бо я бачу, што ўсе сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку Рацыя, у першую чаргу спасылаюцца на “Хрысціянскую візію”?
Наталля Васілевіч: Мы нават здзіўленыя, таму што мы гэтай працай, маніторынгам сітуацыі ў Беларусі, займаемся даўно, і навіны пішам часта такія эксклюзіўныя. Але неяк раней СМІ на нас не спасылаліся. А раптам у кастрычніку атрымаўся такі вал спасылак на “Хрысціянскую візію”. Мы гэтым вельмі задаволеныя, таму што нас нарэшце заўважылі і пачалі давяраць нашай інфармацыі. Як бы сталі мы ў трэндзе.
РР: Пэўна, інфармацыйных нагодаў стала больш, на жаль. Хіба што ўпершыню, калі я не памыляюся, з пасляваенных часоў, 40-ых гадоў, у Беларусі зараз адбываецца нешта падобнае, калі вернікаў праганяюць з храма, не дазваляюць праводзіць набажэнства, высяляюць у тым ліку і ксяндзоў. Я маю на ўвазе сітуацыю вакол Чырвонага касцёла. Так гэта ці не? Прынамсі ў навейшай гісторыі Беларусі гэта ўпершыню здараецца, здаецца.
Наталля Васілевіч: Сапраўды, тое, што датычыць каталіцкіх вернікаў, напэўна, так, але мы ведаем, што толькі нядаўна адбылося падобнае з царквой “Новае жыццё”, таксама ў вернікаў забралі царкву, якую яны самі пабудавалі. Вернікі доўга за яе змагаліся, але ў выніку ім нават забаранілі маліцца на вуліцы каля гэтай царквы, і некалькі тыдняў ужо малітвы не праходзяць.
РР: Акрамя таго арышты супраць пастараў.
Наталля Васілевіч: Так, пастары былі аштрафаваныя, два пастары, якія ўдзельнічалі ў набажэнствах на вуліцы перад царквой. Для Беларусі – гэта ў прынцыпе трэнд, скажам які, можа, не заўсёды заўважны, але ўлічваючы статус Чырвонага касцёла для беларусаў і для замежнікаў, у мяне нават на лядоўні ў Германіі, дзе я зараз жыву, на лядоўні вісіць магніцік Чырвонага касцёла, таму гэты будынак, храм, значны.
РР: Візітоўка беларускай сталіцы.
Наталля Васілевіч: Так.
РР: Але тут сітуацыя, можа, крыху іншая, падаплёка ўсё ж палітычная ці нават знешнепалітычная. Вось у гутарцы са мной палітолаг Пётр Рудкоўскі, таксама былы ксёндз, выказваў такую гіпотэзу, што ўсё гэта спецаперацыя і спробы нейкім чынам націснуць не столькі на прадстаўніцтва беларускага Касцёла ў Беларусі, колькі на Ватыкан. Каб яго падштурхнуць да нейкіх дзеянняў, лабіявання інтарэсаў уладаў, рэжыму Лукашэнкі ў Еўразвязе. Ці прымаеце такую версію?
Наталля Васілевіч: Я не думаю, што было такое стратэгічнае планаванне, сядзела там нейкая камісія і падумала: як нам націснуць на Ватыкан. Давайце забярэм Чырвоны касцёл, і праз гэта яны адчуюць гэты ціск, яны пачуюць, што мы ад іх нешта хочам, і мы прымусім іх да нейкіх крокаў.
Усё ж такі, мне падаецца, з Ватыканам дыпламатыя рэжыму стараецца дзейнічаць іншымі сродкамі. І гэта хутчэй усё ж такі ўнутрыпалітычная тэма, і нават унутрыэканамічная ў нейкім сэнсе тэма, якую проста спрабуюць знівеяляваць таксама ў адносінах з Ватыканам. Зрабіць так, каб Ватыкан не надта раззлаваўся на рэжым, але пры гэтым паказаць, хто тут гаспадар. Гэта заўсёды дэманстрацыя таго, хто галоўны ў нашай краіне, хто трымае тут уладу і хто з’яўляецца суб’ектам любых перамоваў і любых прыняццяў рашэнняў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя