„Смаргонь” вярнулася ў вышэйшую лігу
„Ліда” на хатняй арэне перамагла пінскую „Хвалю” ў матчы 22-га тура чэмпіянату краіны сярод каманд першай лігі — 1:0. Параза пінскай каманды дазволіла „Смаргоні” праз год пасля вылету з „эліты” датэрмінова заваяваць пропуск у вышэйшую лігу на наступны сезон.
„Смаргонь” з 47 баламі лідыруе ў табліцы і гарантавана зойме адно з двух прахадных месцаў, бо ратацыя каманд паміж вышэйшай і першай лігамі ажыццявіцца без петрыкаўскага „Шахцёра”.
„Дынама-БДУФК” разграміла футбалістак „Дняпра” ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” разграмілі магілёўскі „Днепр” у хатнім паядынку 22-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі. У пачатку кастрычніка сустрэча гэтых каманд у Магілёве завяршылася нічыёй – 0:0, а напярэдадні чэмпіёнкі краіны не пакінулі суперніцам ніякіх шанцаў, выйграўшы 7:1. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіла Ганна Піліпенка. У 22 праведзеных матчах дынамаўская дружына забіла 152 галы, прапусціўшы ў сваю браму ўсяго 5 мячоў.
„Сталіца” прайграла „Вітэну” ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” пацярпелі першую паразу ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. Пасля трох вікторый запар чэмпіёны краіны прайгралі на сваёй пляцоўцы аршанскаму „Вітэну” 2:4. Для аршанскай каманды, якая ідзе першай ў турнірнай табліцы, гэта трэцяя перамога ў трох матчах.
„Рэал” абыграў „Барселону”
У нядзелю у рамках 9-га тура чэмпіянату Іспаніі па футболе адбылося легендарнае „эль-класіка”. Мадрыдскі „Рэал” на родным для сябе „Санцьяга Бернабэу” прымаў „Барселону” і перамог з лікам 3:1. У першым тайме вызначыліся Бензема і Вальвердэ, у другім Торэс на 83-й хвіліне сваім голам даў каталонцам шанец на нічыю, але Радрыга на першай даданай хвіліне матчу дакладным ударам з пенальці ўсталяваў канчатковы лік. Брамнік «Рэала» Андрэй Лунін стаў першым украінскім футбалістам, які згуляў у «эль-класіка». Мадрыдцы выйшлі на першае месца ў турнірнай табліцы. Лідары чэмпіяната Англіі футбалісты „Арсенала” абыгралі „Лідс” у матчы 11-га тура 1:0. Адзіны гол у брамку „паўлінаў” забіў Букаё Сака. Гэта шостая перамога „кананіраў” запар ва ўсіх турнірах цяперашняга сезона. У цэнтрым матчы тура футбалісты „Ліверпуля” абыгралі „Манчэстэр Сіці” 1:0. Гол у „гараджан” забіў Махамед Салах, якому асіставаў брамнік Алісан Бэкер. Егіпцянін вызначыўся ў рамках АПЛ упершыню з 22 жніўня. „Чэлсі» дзякуючы дублю Маўнта адолеў ў гасцях «Астан Вілу» 2:0. «Манчэстэр» і «Ньюкасл» згулялі ўнічыю 0:0. „Мілан” быў мацней за „Верону” ў матчы 10-га тура чэмпіянату Італіі — 2:1 і з 23 ачкамі ідзе трэцім у табліцы. „Напалі” абыграў „Балонню” 3:2 і з 26 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы. „Баварыя” разграміла „Фрайбург” у матчы 10-га тура чэмпіянату Германіі — 5:0 і з 19 ачкамі ідзе другой у табліцы. „ПСЖ” перамог „Марсэль” у матчы 11-га тура чэмпіянату Францыі — 1:0. Адзіны мяч забіў форвард парыжан Нэймар. „ПСЖ” з 29 ачкамі лідзіруе ў табліцы.
Баскетбалісткі „Алімпіі” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” выйшлі ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі. Сваю пятую перамогу запар віцэ-чэмпіёнкі краіны святкавалі на хатняй арэне, адолеўшы ў авертайме ўладальніц бронзы баскетбалістак „Мінска” – 79:74. Дзеючы чэмпіён краіны „Гарызонт” разграміў на хатняй арэне яшчэ адну гарадзенскую каманду „Вікторыю” – 85:62. У мужчынскім першынстве баскетбалісты „Гродна-93” пацярпелі першую паразу, саступіўшы на сваёй пляцоўцы віцэ-чэмпіёну краіны магілёўскаму „Барысфену” з лікам 66:71. Цяпер лідыруюць „Барысфен” і „Гродна-93”, у якіх па 9 ачкоў, на два балы менш у „Рубона”.
Іга Свёнтэк стала пераможцай турніру ў Сан-Дыега
У Сан-Дыега на стадыёне «Барнс Тэніс Сэнтэр. Стэдыум» адбыўся фінальны матч аднайменнага тэніснага турніру катэгорыі WTA-500, у якім сышліся першая ракетка свету 21-гадовая прадстаўніца Польшчы Іга Свёнтэк і 77-ы нумар рэйтынгу 26-гадовая Донна Векіч з Харватыі.
Сустрэча завяршылася перамогай Свёнтак у трох сэтах – 6:3, 3:6, 6:0. Працягласць матча склала 1 гадзіну 49 хвілін.
Прызавы фонд турніру складае 757 тысяч даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя