Справа „Чорнай кнігі Беларусі” накіравана ў суд
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Яніны Сазановіч, Данііла Багдановіча, Вольгі Высоцкай, Валерыі Занямонскай і Дзмітрыя Навашы. Справа расследавалася ў рамках спецыяльнай вытворчасці, якая дазваляе пераследаваць асоб, якія знаходзяцца за мяжой, і судзіць іх завочна.

Фігуранты абвінавачваюцца ў распальванні сацыяльнай варожасці, незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных. Паводле матэрыялаў справы, яны не пазней за жнівень 2020 года «аб’ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы», збіралі і размяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў АУС, пракуратуры, суддзяў, журналістаў.
Следства лічыць, што сярод асноўных мэт абвінавачаных былі дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці і нянавісці ў адносінах да сілавога блока і дзяржслужачых, а таксама іншых асобаў, якія выступаюць за захаванне правапарадку і дзейнага канстытуцыйнага ладу ў краіне; распаўсюджванне паклёпніцкіх звестак аб іх; падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.