Сяргей Кручкоў: Працуем дзеля новай Беларусі



Першая сустрэча беларускіх прадпрымальнікаў Аджарыі адбылася ў грузінскім Батумі ў прасторы «аКсяродак». Тузін ўдзельнікаў прадстаўлялі розныя сферы бізнэсу, таксама былі прадпрымальнікі са сферы дызайну, інжэнеры, прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў. 

Распавядае арганізатар сустрэчы, кіраўнік беларускай бізнес-асацыяцыі Сяргей Кручкоў:

– Людзі талковыя, якія рэальна могуць арганізаваць сябе тут і рэалізаваць свае здольнасці. Людзі сабраліся з розных сфераў, якія мелі свае бізнесы вялікія ці малыя ў Беларусі і ўдзельнічалі ў розных бізнес-праектах. Гэта людзі, якія пераехалі ў Батумі і збіраюцца рэалізоўвацца тут.

Спадар Кручкоў прадставіў на сустрэчы таксама і сваю арганізацыю – «Бізнес-асацыяцыю беларусаў Грузіі».

– Пакуль што наша сфера – гэта толькі Батумі, хаця ёсць ужо знаёмства з тбіліскімі бізнесоўцамі. Мы б хацелі аб’яднаць прадпрымальнікаў-беларусаў, якія апынуліся ў Грузіі для сумеснай працы, для развіцця бізнеса. Каб гэты час, які мы знаходзімся за мяжой скарыстаць з карысцю. Гэты досвед, у тым ліку грошы, якія будуць тут заробленыя, маглі б папрацаваць потым на карысць будучыні новай Беларусі.

У планах беларускіх прадпрымальнікаў стварэнне сумесных праэктаў, сутрэча з прадпрымальнікамі, што пераехалі ў Грузіі з Украіны і Казахстана. Плануецца, што падобныя сустрэчы будуць адбывацца раз на тыдзень. 

Беларускае Радыё Рацыя