Білеты БЧ можна будзе аформіць на беларускай мове



Беларуская чыгунка з кастрычніка мяняе знешні выгляд білетаў на цягнікі міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнес-класа. Яна паступова пераходзіць на новую тэхналогію афармлення праязных дакументаў з выкарыстаннем білетадрукавалых машын.

«Інфармацыя на білеце новай формы стане больш зразумелай і нагляднай. Білеты будуць друкавацца на тэрмапаперы (для забеспячэння захаванасці праязнога дакумента, яе шчыльнасць значна вышэйшая, чым у тэрмапаперы, якая прымяняецца ў гандлёвых сетках)», — гаворыцца ў паведамленні прэс-цэнтра БЧ.

На новых білетах будзе двухмерны код, індывідуальны шыфр сродкаў кантролю падатковых органаў. Праязны дакумент можна будзе аформіць па жаданні на беларускай і рускай мове.

Новыя білеты будуць укараняцца паэтапна. Спачатку іх пачнуць выдаваць на вакзалах Берасця, Магілёва, Асіповічаў і Пінска. Паступова новую тэхналогію ўкарэняць ва ўсіх пунктах продажаў, дзе ёсць тэхнічныя магчымасці па арганізацыі ўстойлівага канала сувязі з цэнтралізаванай сістэмай продажаў.

«Звяртаем увагу пасажыраў, што ў пераходны перыяд будуць выкарыстоўваць як новую форму праязнога дакумента, так і бланкі дзейнага ўзору. Пры афармленні праезду ў міжнародных цягніках форма бланкаў праязных дакументаў застанецца ранейшай», – растлумачылі ў прэс-цэнтры.