Пракурор запрасіў журналісту Сяргею Сацуку 8 гадоў зняволення
Прысуд журналісту-палітвязню Сяргею Сацуку вынесуць 26 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе.

У Менскім гарадскім судзе разглядаецца крымінальная справа палітзняволенага журналіста Сяргея Сацука, нагадваюць праваабаронцы. Справу журналіста разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Менавіта яна адправіла за краты журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч за матэрыял пра смерць Рамана Бандарэнкі.
Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Да суда ўтрымліваўся ў Следчым ізалятары ў Мінску. Доступ да сайта ej.by, дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.
Як стала вядома пазней, журналіста вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Падставай для пераследу журналіста, на думку калегаў Сацука, з’явіліся гучныя расследаванні, якія перадусім тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя “адкаты” за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабоўвалі на беларускіх дзецях; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі. І ўсё гэта рабілася пры ўхваленні кантрольнага ведамства — Міністэрства аховы здароўя.
Перад тым, як затрымаць па гэтай справе, на Сацука пачыналі крымінальную справу па абвінавачванні ў атрыманні хабару. 25 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук ужо затрымліваўся па гэтай жа справе. Тады ж адбыліся і першыя ператрусы ў офісе «Ежедневник» і дома ў Сяргея Сацука. 4 красавіка 2020 года генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці пад варту Сяргея Сацука, і яго вызвалілі.
19 кастрычніка на працэсе з удзелам Сяргея Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Да таго больш за тры тыдні суддзя Святлана Бандарэнка вывучала матэрыялы следства і заслухоўвала сведкаў.
Як расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі Сяргея Сацука, агалошванне прысуду прызначанае на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце. І дадаюць, што на юрыдычны цуд з апраўдальным вынікам суда пры такім наборы крымінальных артыкулаў разлічваць наўрад ці даводзіцца. Адзінае, што на нейкіх незразумелых для шырокай грамады момантах падазраваны ў “злачынствах” журналіст зможа засяродзіцца ў сваім апошнім слове.
Cтала вядома, што пракурор запрасіў для Сяргея Сацука 8 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта „Народнай волі” распавялі блізкія Сяргея.
„Сяргей выглядае па вялікім рахунку нармальна, хаця праблемы з сэрцам нікуды не зніклі, яму ўвесь час патрэбны лекі. Стараецца трымацца бадзёра, каб падтрымаць нас, хаця мы, безумоўна, разумелі, што на апраўдальнае судовае рашэнне надзеі няма”, — дадалі яны.
Прысуд журналісту Сяргею Сацуку агучаць 26 кастрычніка.