Канстанцін Яршоў: Думаў, што здохну там, калі шчыра



„Думаў, што здохну там, калі шчыра”, — экс-палітвязень распавёў пра збіванні і чатыры месяцы на „Валадарцы”.

Збіванне сілавікамі ў пад’ездзе ўласнага дома, шпіталізацыя з РУУС з цяжкімі траўмамі, доўгае аднаўленне і зноў жорсткае затрыманне са шчытамі і аўтаматамі, катаванні ў ГУБАЗіКу, крадзеж грошай пры затрыманнях, 11 сутак у карцары на Акрэсціна, чатыры месяцы на «Валадарцы», суд за ўдзел у Маршах праз фота са «зніклага» у міліцыі тэлефона і эміграцыя з Беларусі. Гэта сціслая гісторыя за два гады жыцця 34-гадовага фітнэс-трэнера Канстанціна Яршова.

Былы палітвязень распавёў „Вясне” падрабязнасці свайго пераследу.

„З бусіка мяне перакінулі ў аўтазак. Нейкі хлопец прывёў мяне ў прытомнасць. Ён быў увесь у крыві — яго таксама цяжка збілі. Ён папрасіў сцерці з ягонага лба пазнаку — намаляванае маркерам кола з чымсьці. Я быў амаль у стане непрытомнасці — я з апошніх сіл сцёр гэту пазнаку і зноў выключыўся. Мне трапілі кудысьці ў сэрца і, мяркуючы па ўсім, у мяне была трэшчына ў рабры”.