Палітвязня, які не чуе на адно вуха, асудзілі паўторна
Палітвязня, які не чуе на адно вуха, паўторна асудзілі да калоніі.

11 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва паўторна асудзілі палітвязня Арцёма Калашука. Гэтым разам — паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. З улікам папярэдняга пакарання, суддзя Наталля Панасенка прызначыла яму два гады калоніі агульнага рэжыму.
Вядома, што ў віну яму паставілі каментар пад допісам з выявай Вольгі Чамаданавай. Судова-лінгвістычная экспертыза прыйшла да высновы, што выкарыстанае ім слова «ідыёты» з’яўляецца абразлівым. Арцём сваёй віны не прызнаў, сказаўшы, што выкарыстаў слова «для агульнай характарыстыкі».
Арцём быў асуджаны судом Чавускага раёна ў жніўні на 8 месяцаў зняволення ў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абраза Лукашэнкі (арт. 368 КК) і абраза суддзі (арт. 391 КК).