Чацвёра беларусаў выступяць у чэмпіянаце Кітаю па валейболе
Сталі вядомы спісы легіянераў, якія ў новым сезоне згуляюць у чэмпіянаце Кітаю. Сярод іх і чатыры беларусы. У „Пекіне” на пазіцыі дыяганальнага выступіць Максім Шкрэдаў. Сувязны Зміцер Ваш і дыяганальны Артур Удрыс працягнуць кар’еру ў клубе „Цзянсу”. За каманду „Хэбэй” згуляе ў новым сезоне цэнтральны блакуючы Канстанцін Панасенка. Раней у Кітаі быў жорсткі ліміт на легіянераў. У мінулым сезоне клубы мелі права запрасіць не больш за аднаго замежнага гульца. Аднак у гэтым годзе, паводле інфармацыі агенцтва „Сіньхуа”, для падвышэння канкурэнтаздольнасці ліга больш не абмяжоўвае колькасць легіянераў у кожнай з каманд.
Вікторыя Азаранка забяспечыла Арыне Сабаленцы пуцёўку на Выніковы чэмпіянат ВТА
Беларуска Вікторыя Азаранка (37-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/4 фіналу турніру ВТА-1000 у мексіканскай Гвадалахары. У матчы 1/8 фіналу наша суайчынніца перамагла амерыкану Мэдысан Кіз. Параза Кіз адкрыла перад першай ракеткай Беларусі Арынай Сабаленкай дарогу на Выніковы чэмпіянат ВТА, дзе згуляюць восем найлепшых тэнісістак па выніках 2022 года. Фінальны турнір ВТА пройдзе ў Форт-Уэрце (штат Тэхас, ЗША) з 31 кастрычніка па 7 лістапада.
Біёнчык узначаліў «Славію»
Беларускі спецыяліст Іван Біёнчык стаў галоўным трэнерам ФК „Славія”. Раней каманду ўзначальваў Міхаіл Марціновіч. У мінулым сезоне Біёнчык стаў найлепшым трэнерам Беларусі. Апошнім месцам працы спецыяліста быў „Шахцёр”. Пасля 26 тураў „Славія” займае 10-е месца ў табліцы вышэйшай лігі.
Левандоўскі забіў 600-ы і 601-ы галы ў кар’еры – першым пасля Месі і Раналду ў XXI стагоддзі
Роберт Левандоўскі пераадолеў адзнаку ў 600 галоў за кар’еру. Нападнік «Барселоны» аформіў дубль у матчы 10-га туру Ла Лігі супраць «Вільярэала». Гэтыя галы сталі для яго 600-м і 601-м у кар’еры. 34-гадовы форвард стаў трэцім гульцом у XXI стагоддзі, які здолеў забіць за кар’еру больш за 600 галоў. Да паляка гэта ўдавалася толькі Ліянэлю Месі і Крышціяну Раналду. Пасля пераходу ў „Барселону” форвард забіў 16 галоў у 14 матчах.
Беларускае Радыё Рацыя