Фільм Мары Тамковіч пра зняволеных журналістак атрымаў узнагароду на кінафестывалі ў Чыкага



Беларусы на кінафестывалі ў Чыкага. Фільм пра зняволеных журналістак «Белсата» атрымаў узнагароду. Кароткаметражная карціна беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры» атрымала ўзнагароду «Срэбны Х’юга» (Silver Hugo) у катэгорыі кароткаметражнага гульнявога кіно на 58-м Чыкагскім міжнародным кінафестывалі.

Фота з Фэйсбуку БАЖ.

Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, асуджаных у 2020 годзе на 2 гады зняволення за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. Беларуская тэма таксама гучыць на амерыканскім кантыненце, кажа Мара Тамковіч.

Гэта сапраўды вялікі гонар. Паказ тут, у Чыкага, гэта быў першы міжнародны паказ у жывым эфіры. І вельмі прыемна ўвогуле, што мы трапілі сюды. Бо вельмі вялікая канкурэнцыя на этапе прыёму кароткаметражных стужак на фестываль. І таксама вялікі гонар атрымаць узнагароду на фествалі з такой доўгай гісторыяй, прэстыжным у кінаіндустрыі. Вельмі важна, што фільм на такую тэму глядзяць за мяжой.

Раней фільм Мары Тамковіч атрымаў спецыяльную ўзнагароду на 47-м фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні.

Для беларускага гледача карціна «У жывым эфіры» пакуль недаступная. Як кажа Мара Тамковіч, такі лёс фестывальнага кіно, выкласці яго ў агульны доступ можна толькі пасля таго, як завершацца фестывальныя паказы. Наперадзе яшчэ фестывалі ў Вялікабрытаніі і Іспаніі, а таксама паказ адбудзецца ў Варшаве 20 лістапада ў рамках фестывалю «Bulbamovie».

Беларускае Радыё Рацыя