Не туды дарога



Апошні тыдзень прынёс нам рэзкі ўзрост палітычнай гарачкі ў сумных восеньскіх кліматах. А ўсё па прычыне білбордаў грамадска-палітычнага руху праваслаўных палякаў, якія з’явіліся на вуліцах Беластока. Палітычна-сацыяльны рух гэтага напрамку мае розныя адценні і гістарычную спадчыну ў міжваеннай Польшчы, інспіраваную і кантраляваную санацыйнымі ўладамі ІІ Рэчы Паспалітай. Арганізатары гэтай акцыі, як паказваюць іх палітычныя дэкларацыі і дасюлешнія дзеянні, свой сэнс, апірышча і будучыню бачаць у вельмі моцнай сувязі з рэзка правымі польскімі палітычнымі сіламі – нават тымі, якія сваю гістарычную тоеснасць і апірышча выбудоўвалі на пасляваенным пераследзе мірных праваслаўных, беларускіх жыхароў Беласточчыны. Іх сімвал гэта асобы Рамуальда Райса «Бурага» і Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», якія мэтай сваёй дзейнасці паставілі пацыфікацыю нашых продкаў – прадзедаў для сённяшніх удзельнікаў права-польска-праваслаўнага руху.

Наша мінуўшчына стала прычынай непаразуменняў і разыходжанняў ва ўмоўна значна шырэйшай з’яве агульнапольскага руху праваслаўных палякаў, якія аднак не хочуць адракацца ад нацыянальнага мінулага сваіх продкаў. Асабліва ідзе пра выхадцаў і пражываючых на Падляшшы раней і зараз асоб. Перад намі восеньскія Дзяды, праваслаўная памінальная субота і каталіцкае свята памерлых. Усе згаданыя даты тычацца памінання апынуўшыхся ў жорнах гісторыі і палітыкі продкаў і пашаны для іх жыццёвых лёсаў. Самыя балючыя для нас падзеі гэта бежанства і абедзве сусветныя войны. Ці ў дні памяці і задумы не варта ўшаноўваць духоўнае багацце сваіх продкаў, пісанае кірыліцай не толькі на могілках, але на шчасце яшчэ ў штодзённым жыцці на Падляшшы? А праваслаўныя крыжы, што былі на нашых храмах тут на Падляшшы ў час Вялікага Княства Літоўскага, пакуль Расея разам з Прусіяй і Аўстрыяй не падзялілі І Рэчы Паспалітай? І ў веры праваслаўнай і на старабеларускай мове друкаваліся кнігі ў Супраслі, Заблудаве, Вільні, Берасці? Ці ж гэта не наша спадчына і багацце? А менавіта народы царскай імперыі добра ведаюць нацыянальны пераслед з боку ІІІ Рыма – візантыйскай, царскай імперыі з яе двухгаловымі арламі.

Сённяшні стан рэчаў з’яўляецца натуральнай эвалюцыяй і праявай усіх тых праблем у духоўным жыцці праваслаўнай грамадскасці ў Польшчы пасля Другой сусветнай вайны, пра што дзесяцігоддзямі пісалася, гаварылася і асцерагалася ў пісьмовай форме і адкрытых дыскусіях нашага меншаснага асяроддзя. Тая дыскусія ў меншай ступені кранала ўкраінцаў і лэмкаў праваслаўнага веравызнання, бо родная мова спадарожнічала іх літургічнаму, нацыянальнаму жыццю, хаця былі яны раскінуты па ўсёй Польшчы ў выніку Акцыі «Вісла», зробленай камуністычнымі ўладамі пасля 1947 года. Тады з паўднёвай Польшчы і часткі паўднёвага Падляшша няпольскіх этнічных жыхароў гэтых зямель проста раскінулі па ўсёй Польшчы, каб агнём і мячом рашыць нацыянальную праблему ўкраінцаў у польскай дзяржаве. Ну і час меў тут спрыяць іх прыспешанай асіміляцыі. Камуністычныя ўлады зразу паставілі пад бачны нагляд і поўны кантроль жыццё праваслаўнай супольнасці, асабліва ў нацыянальным кантэксце тут у нас, на Беласточчыне. Шматлікае жывое, народнае праваслаўе ў пасляваеннай рэальнасці не дазволіла на маланкавыя асіміляцыйныя працэсы. За тое дэнацыяналізацыя была асновай працэсу дэруралізацыі, значыць пераезду нашых вяскоўцаў у горад.

Сённяшняя сітуацыя безнацыянальнай адзіноты гэта таксама вынік шматгадовых унутраных польскіх грамадска-палітычных працэсаў, якія паглынаюць усе меншасці ў Польшчы, але агульна ў выпадку нас, беларусаў, гэта русіфікацыя і камунізм у самой Рэспубліцы Беларусь. Гады ўлады Лукашэнкі гэта той ганебны для нас каталізатар, які не толькі там знішчае ўсё незалежнае і беларускае. Але гэта таксама час аграмадных выпрабаванняў быць сабою тут нам, беларусам у Польшчы. І калі хочаце быць толькі праваслаўнымі палякамі гэта ваш асабісты выбар. Але не затоптвайце памяці пра вашы сямейныя лёсы і не абвінавачвайце нас, беларускай меншасці, у невядома чым. Не туды дарога дзеля вашых палітычных амбіцый. Бо гэта ўжо не па-хрысціянску, не па-праваслаўнаму, не па-чалавечы.

Яўген Вапа, „Ніва”, №44, 2022 г.

Array