У гарадзенскай школе наладзілі паказальнае затрыманне падлеткаў, якія згасілі Вечны агонь



У Гародні затрымалі двух падлеткаў, якія залілі вадой Вечны агонь каля помніка савецкім салдатам і партызанам. З’явіліся падрабязнасці.

На тэлеканале АНТ паказалі сюжэт пад назвай “Цынізм на мяжы”, дзе падлеткаў называюць “антыгероямі нашага часу”. Адзначаецца, што іх асобы ўдалося высветліць праз гадзіну пасля публікацыі відэа. Назаўтра абодвух затрымалі. Вядома, што затрыманым 14 і 15 гадоў. Свае дзеянні яны знялі на відэа, якое пазней выклалі ў інтэрнэт. На наступны дзень іх узялі пад варту на вачах у іншых школьнікаў.

24 кастрычніка канваіры даставілі іх у кайданках у школу, у якой вучыцца адзін з хлопцаў. У актавай зале навучальнай установы сілавікі правялі паказальны працэс аб выбары меры стрымання. На вачах аднакласнікаў падлеткам выставілі абвінавачанне, узялі пад варту і вывезлі ў ізалятар. Супраць іх пачалі крымінальную справу па артыкуле “Злоснае хуліганства”, максімальная санкцыя па якой – шэсць гадоў зняволення.