Былы палітвязень Ігар Банцэр з’ехаў з Беларусі ў Польшчу
Былы палітвязень Ігар Банцэр у канцы кастрычніка 2022 года з’ехаў у Польшчу, паведамляе mostmedia.io.

— Цяпер у Беларусі банальна няма кан’юнктуры і плюралізм як такі адсутнічае. Калі мы гаворым пра палітычны спектр, то я са сваімі левымі поглядамі ўвогуле не ўпісваюся. І ўсе гэтыя размовы засмучаюць — з супрацоўнікамі міліцыі і ГУБАЗіКу.
Калі прамым тэкстам табе гавораць, што ты не падыходзіш, у нашай рэальнасці абсалютна лішні элемент. Гэта вельмі цяжка. І вяртацца ў Беларусь з усведамленнем таго, што, магчыма, ты там нікому не патрэбны, акрамя самых блізкіх людзей…. Я два гады не быў у Варшаве, а калі сюды прыехаў — тут больш знаёмых і сяброў. І тут я сябе адчуваю больш камфортна, на жаль. І гэта трэба прызнаваць.
Банцэр адсядзеў тэрмін пасля пратэстаў 2020 году. Яго асудзілі на 1,5 года «хіміі» за хуліганства — бо ён у верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай. У канцы 2021 году Ігар выйшаў на волю. Банцэра затрымалі 4 жніўня ў Гародні — ён правеў за кратамі 45 сутак.