Агляд прэсы: злавіць сябе на слове
Амбасадараў Расеі і Беларусі не дапусцілі да Нобелеўскай цырымоніі. Ці рэальная пагроза прымянення «бруднай бомбы»? ЕЗ+ Вялікая Сямёрка=план аднаўлення Украіны. Першы выступ прэм’ера Мелані ў Італіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Амбасадараў Расеі і Беларусі не дапусцілі на сёлетнюю цырымонію ўручэння Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме з-за вайны ва Украіне», – паведамляе нараўне з іншымі міжнароднымі выданнямі амерыканская газета The Washington Post.
«Нобелеўскі фонд, прыватны фонд, які кіруе прэстыжнымі ўзнагародамі, звычайна запрашае паслоў, размешчаных у Швецыі, на штогадовую цырымонію ўзнагароджання 10 снежня. Але ў сувязі з уварваннем Расеі ва Украіну Нобелеўскі фонд вырашыў не запрашаць паслоў Расеі і Беларусі на цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі. Фонд таксама заявіў, што працягне практыку запрашэння лідэраў усіх партый у шведскім парламенце, за выключэннем антыіміграцыйнай партыі «Шведскія дэмакраты». Група, якая імкнулася дыстанцыявацца ад сваіх ультраправых каранёў, набрала больш за 20% галасоў на выбарах у Швецыі 11-га верасня і стала другой па велічыні палітычнай партыяй краіны і блізкім партнёрам новага правацэнтрысцкага ўрада. Нобелеўскі фонд заявіў, што не бачыць падставаў для перагляду свайго папярэдняга рашэння выключыць Шведскіх дэмакратаў, адзначыўшы, што Нобелеўскія прэміі «заснаваны на павазе да навукі, культуры, гуманізму і інтэрнацыяналізму». Нобелеўскія прэміі заўсёды ўручаюцца 10 снежня, у гадавіну смерці заснавальніка прэміі Альфрэда Нобеля ў 1896 годзе», – падсумоўвае амерыканская газета.
Савет Бяспекі ААН правёў нараду наконт неаднаразова агучаных Расеяй заяў аб тым, што Украіна, маўляў, плануе прымяніць біялагічную зброю або так званыя «брудныя бомбы» з ядзерным зарадам. Заходнія дыпламаты разглядаюць падобныя абвінавачанні з боку Масквы хутчэй як спробу адцягнуць увагу ад сваіх уласных вайсковых злачынстваў, і як пагрозу. Аглядальнікі не прадракаюць нічога добрага. Брытанская газета The Spectator піша пра тое, якую мэту мае Масква, выступаючы з падобнымі заявамі.
«Тут даводзіцца асцерагацца таго, што расейцы рыхтуюць мізансцэну для ўласнага ўжывання падобнай зброі, каб затым зваліць віну на Украіну. Пуцін, здаецца, зразумеў, што яго адзіны шанец на перамогу складаецца ў тым, каб трымаць лінію фронту максімальна доўга, у надзеі на тое, што рана ці позна Захад страціць адзінства і адмовіцца ад ваеннай падтрымкі Украіны. У плане дасягнення гэтай мэты Пуціну парадаксальным чынам на руку ўсё, што ўзмацняе ўражанне, быццам ён дастаткова шалёны і можа давесці эскалацыю да новых катастрафічных маштабаў. А таму варта чакаць працягу патоку падобных шакавальных заяў, якія, аднак, не падмацоўваюцца ніякімі доказамі», – папярэджвае брытанскае выданне.
У Берліне адбылася міжнародная канферэнцыя па пытанні аднаўлення Украіны. У ёй прынялі ўдзел палітыкі і эксперты з краін Еўразвяза і Вялікай сямёркі. Як заявіў канцлер ФРГ Олаф Шольц, яшчэ да заканчэння вайны неабходна распрацаваць канцэпцыю аднаўлення – свайго роду «план Маршала XXI стагоддзя». Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен аб’явіла пра тое, што Еўразвяз гатовы пакрыць каля трэці прагназуемага дэфіцыту бюджэту Украіны. «Цяпер трэба зрабіць усё дзеля таго, каб пакласці канец разбурэнням, якія робяцца Расеяй», – піша нямецкая газета tagesschau.de.
«Лепшае аднаўленне – гэта тое, якога не спатрэбіцца», – заявіў днямі канцлер. Шольц павінен сам злавіць сябе на слове, і дапоўніць фінансавы «план Маршала» свайго роду «генеральным планам» паставак узбраенняў. Цяпер Нямеччына, ЕЗ і Вялікая сямёрка спрабуюць паслаць падвойны сігнал: з аднаго боку, яны кажуць Кіеву: «Мы вас не падвядзем». А з іншага боку – заяўляюць Маскве: «Мы адновім тое, што разбурае Расея». Але для таго, каб гэта не стала для Еўропы сізіфавай працай, яна павінна дапамагчы Украіне як мага хутчэй перамагчы ў гэтай вайне», – заклікае нямецкае выданне.
Джорджыя Мэлані выступіла ў парламенце са сваёй першай праграмнай прамовай у якасці прэм’ер-міністра. Сярод іншага яна заявіла аб тым, што мае намер больш упэўнена адстойваць «нацыянальныя інтарэсы» Італіі на ўзроўні Еўразвязу, змагацца з нелегальнай міграцыяй, якая ажыццяўляецца марскім шляхам, прымаць меры па павышэнні нараджальнасці, а таксама працягваць аказваць падтрымку Украіне. Акрамя таго, яна падкрэсліла, што ніколі не адчувала прыязнасці да фашызму. Аглядальнікі разыходзяцца ў сваіх ацэнках прамовы новага прэм’ер-міністра Італіі. Італьянская газета La Repubblica незадаволеная прамовай новага прэм’ер-міністра.
«Мэлані не прадставіла ніякага бачання адносна ролі Італіі ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі, і ў гэтым – ашаламляльнае адрозненне ад яе папярэдніка Марыё Драгі. Акрамя таго, хоць Мэлані і асудзіла фашызм, звязаўшы яго з жахамі расавых законаў, у яе заяве не было адназначна акцэнтавана тое, што фашысцкая дыктатура пачалася ўжо ў 1922 годзе. Прэм’ер упусціла рэальную магчымасць, бо правая партыя, якая пазіцыянуе сябе як прадаўжальнік духу Рэспублікі і ахоўнік Канстытуцыі, якая бярэ сваю пачатак у антыфашызме, не павінна забывацца на тое, што паход на Рым (па выніках якога Мусаліні прыйшоў да ўлады), які здарыўся роўна сто гадоў таму, у кастрычніку 1922 года, выліўся ў парушэнне прынцыпаў свабоды і роўнасці, за ўсталяванне якіх італьянцы ў свой час заплацілі вельмі высокую цану», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array