„Інтэр” стаў дзясятым удзельнікам 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў



Вызначыліся чарговыя ўладальнікі пуцёвак у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Міланскі „Інтэр” прабіўся ў 1/8 фіналу, разграміўшы ў хатнім матчы 5-га тура групы С футбалістаў чэшскай „Вікторыі” 4:0. Пазней іспанская „Барселона”, якая ўжо страціла шанцы прабіцца ў плэй-оф, не змагла супрацьстаяць магутнай «Баварыі» – 0:3, за якую забівалі Манэ, Шупо-Матынг і Павар. «Барса» згуляе ў Лізе Еўропы.

Лідар квартэта B бельгійскі „Бруге” саступіў на сваёй арэне партугальскаму „Порту” – 0:4. У іншым паядынку групы „Атлетыка” у сталіцы Іспаніі з нямецкім „Баерам” не выявілі пераможцу – 2:2. Такім чынам „матраснікі” не змаглі трапіць у плэй-оф турніру ўпершыню з сезона 2017-2018. Пуцёўку ў плэй-оф заваяваў  «Порту».

У групе А ў 1/8 фіналу прабіўся англійскі „Ліверпуль”, які  ў Амстэрдаме адолеў нідэрляндскі „Аякс” 3:0. Італьянскі „Напалі” з такім жа лікам абыграў на сваім полі шатляндскі „Глазга Рэйнджэрс”.  «Тотэнхэм» і «Спортынг» згулялі ўнічыю 1:1 у групе D. Суддзя адмяніў з-за афсайда пераможны гол Гары Кейна на 96-й хвіліне. „Тотэнхэм” набраў восем ачкоў пасля пяці сустрэч і працягвае займаць першае месца ў групе D. „Спортынг” – на другім радку, зарабіўшы сем ачкоў. „Айнтрахт” на  хатняй арэне прымаў „Марсель” і перамог з лікам 2:1. Дзякуючы гэтай перамозе нямецкі клуб набраў сем ачкоў і падняўся на трэці радок турнірнай табліцы групы D. Пуцёўкі ў наступны раунд турніру будуць разыграны ў апошнім туры.

„Сталіца” пацярпела другую паразу ў Лізе чэмпіёнаў па міні-футболе

Менская „Сталіца” пацярпела другую паразу ў розыгрышы Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У другім туры спаборніцтваў 6-й кваліфікацыйнай групы  у косаўскай Прышціне падначаленыя Аляксандра Чыбісава саступілі  дацкаму „Гентафтэ” з лікам 3:4. Галявы дубль у складзе „Сталіцы” аформіў Павел Кніга, яшчэ адзін мяч забіў Аляксандр Умпіровіч. Напярэдадні мінчане прайгралі польскаму клубу „Пяст” з Глівіцэ з лікам 1:6.

Беларускія футбалісты перамаглі армян у кваліфікацыі юнацкага ЧЕ

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі перамогай завяршылі выступы ў першым кваліфікацыйным раундзе чэмпіянату Еўропы. У нарвежскім Фрэдрыкстадзе беларусы ўпэўнена перайгралі равеснікаў з Арменіі 5:2. Галявы дубль аформіў Марк Мокін, яшчэ па мячу забілі Алесь Сахончык, Руслан Мялкоўскі і Захар Баранок. Беларусы набралі 4 ачкі занялі трэцяе месца ў групе ўслед за Нарвегіяй і Ірландыяй, у якіх 7 і 5 ачкоў адпаведна. У элітны раунд выйдуць па дзве лепшыя каманды з 13 квартэтаў, а таксама чатыры лепшыя дружыны з ліку тых, якія занялі трэція месцы. Фінальны этап юнацкага першынства Еўропы з удзелам 16 каманд пройдзе з 17 траўня па 2 чэрвеня 2023 года на футбольных арэнах Венгрыі.

Андрыеўскі вярнуўся ў хакейнае менскае „Дынама”

Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі папоўніў трэнерскі штаб хакейнага мінскага „Дынама”. Раней спецыяліст ужо працаваў у клубе: менавіта ў „Дынама” Андрыеўскі пачаў трэнерскую кар’еру ў сезоне-2006/07. Пасля гэтага Андрыеўскі працаваў у маладзёжнай зборнай Беларусі і „Гомелі”, а ў 2009 годзе ўзначаліў „Дынама” падчас рэгулярнага чэмпіянату. У далейшым спецыяліст двойчы кіраваў трэнерскім штабам „зуброў”, а таксама дапамагаў Марэку Сікоры і Кары Хейкіля. Менавіта пад кіраўніцтвам Андрыеўскага мінчане сталі ўладальнікамі Кубка Шпэнглера – 2009. Акрамя таго, Андрыеўскі працаваў галоўным трэнерам у клубах КХЛ „Адмірал”, „Сібір” і „Сочы”.

Беларускае Радыё Рацыя