У Хойніках адмаўляюць запуск іранскіх дронаў на тэрыторыю Украіны
У Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку заявілі, што іранскія дроны з беларускай зоны адсялення ў бок Украіны не запускалі.

Фота: prostomob.com
Апублікаваныя ў тэлеграм-каналах спадарожнікавыя фота са “зменамі мясцовасці” ў гэтым раёне — усяго толькі вынік перамяшчэння беларускіх памежнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Пра гэта піша газета Хойніцкага райвыканкама “Хойніцкія навіны”. Праўладнае выданне заявіла, што апублікаваная “ў некалькіх дэструктыўных тэлеграм-каналах” інфармацыя аб запуску дронаў-камікадзэ з беларускай чарнобыльскай зоны не адпавядае рэчаіснасці.
Раней маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” выказала думку, што іранскія беспілотнікі Shahed-136 могуць запускаць з адселеных вёсак Уласы і Кажушкі ў Хойніцкім раёне. Група абгрунтавала сваю версію тым, што ў гэтым раёне практычна не дзейнічае мабільная сувязь, а на спадарожнікавых здымках бачна, што каля апусцелых вёсак з’явіліся новыя дарогі.