ГУР Украіны заяўляе пра запускі ўдарных дронаў з Беларусі



Украіна лічыць, што зараз у Беларусі няма ўдарнай групоўкі для наступу на Украіну, але з тэрыторыі краіны ва Украіну запускаюцца ўдарныя беспілотнікі. Пра гэта заяўляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.

«Цяпер у Беларусі няма ўдарнай групоўкі, якая была б абсталяваная належным чынам для наступу. У той жа час краіна праводзіць навучанне асабовага складу, каб адцягваць увагу і сілы Украіны з усходу і поўдня», – гаворыцца ў паведамленні ГУР.

Украіна лічыць, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе пазбегнуць адкрытага ўварвання беларускіх войскаў ва Украіну, але ён ужо даўно стаў удзельнікам вайны, даўшы тэрыторыю Беларусі Расеі для нападу на Украіну.

ГУР заяўляе, што Расея запускае ўдарныя іранскія беспілотнікі з тэрыторыі Беларусі.

«Вядома, патэнцыйная небяспека з боку Беларусі для Украіны існуе. З тэрыторыі СБ ажыццяўляюцца запускі ўдарных БПЛА, якія Расея закупіла ў Ірана, туды перамешчаныя самалёты МіГ-31К, якія могуць несці ракеты „Кінжал”», – заявіў прадстаўнік ГУР Андрэй Чарняк.

Расея таксама перакідвае мабілізаваных грамадзян у Беларусь без належнага ўзбраення і тэхнікі, а Беларусь адпраўляе адрамантаваныя танкі і бронетранспарцёры ў Расею.

У Генштабе ВСУ таксама заявілі, што з тэрыторыі Беларусі запускаюцца дроны-камікадзэ.

«На гэтым тыдні непасрэдна 10 запускаў дронаў Шахед было здзейснена з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – заявіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба ВСУ Аляксей Громаў.

Нагадаем, маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» выказала меркаванне, што расейцы могуць запускаць іранскія дроны каля адселеных вёсак Уласы і Кажушкі на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Кіраўнік запаведніка гэта адмаўляе.

reform.by

Array