Украіна нарасціла групоўку на паўночным кірунку



Украіна не бачыць стварэння наступальнай групоўкі з боку Беларусі, але нарасціла сваю групоўку на паўночным кірунку, паведаміў на анлайн-брыфінгу сёння, 27 кастрычніка, намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба ВСУ Аляксей Громаў.

Па словах Громава, Расея перакідвае свае войскі на аэрадром Зяброўка пад Гомелем і на іншыя аэрадромы.

«Мы бачым, што акрамя аэрадрома Зяброўка супернік яшчэ спрабуе перакінуць свае войскі на іншыя аэрадромы Рэспублікі Беларусь, а таксама праводзіць актыўныя мерапрыемствы на беларускіх палігонах», – заявіў ён.

Украіна заяўляе, што адэкватна рэагуе на пагрозы і ўжо нарасціла групоўку на паўночным напрамку.

Прадстаўнік Генштаба ВСУ адзначае, што ў Беларусі фарміруецца вобраз ворага з неабходнасцю правядзення папераджальных дзеянняў у дачыненні да Украіны, але публічна беларускія ўлады заяўляюць, што не збіраюцца нападаць на Украіну.

«Афіцэры ўзброеных сіл Расеі бяруць удзел у ацэнцы гатоўнасці воінскіх часцей Гарадзенскай, Берасцейскай і Гомельскай абласцей Беларусі. Ваенныя манеўры сумяшчаюцца з публічнымі сігналамі ўлады Беларусі аб адсутнасці намераў нападаць на Украіну. Але пастаянныя сустрэчы ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі з прадстаўнікамі працоўных калектываў фарміруюць вобраз ворага з неабходнасцю правядзення папераджальных дзеянняў супраць Украіны і НАТА», – сказаў Громаў.

Ён таксама заявіў, што Расея запускае іранскія ўдарныя дроны з тэрыторыі Беларусі. На гэтым тыдні было зафіксавана 10 такіх запускаў.

reform.by

Array