Журналіст з Драгічына Сяргей Гардзіевіч выйшаў на волю (абноўлена)
Палітзняволены журналіст інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» (цяпер «Лепшы рэгіён») Сяргей Гардзіевіч з Драгічына вызваліўся са Шклоўскай выпраўленчай калоніі-17.

Ён цалкам адбыў пакаранне, кажа праваабаронца з Берасця Ганна:
– У нас ёсць добрая навіна, што журналіст з Драгічына Сяргей Гардзіевіч выйшаў з калоніі, дзе ён адбываў пакаранне. Судом яму было прызначана паўтара года зняволення. Ён цалкам адбыў пакаранне. Канешне, кожны чалавек на волі – гэта добрая навіна. Шкада толькі, што ўсё ж такія людзі мусяць адсядзець прызначаныя і агучаныя ўладамі гэтыя тэрміны цалкам, што не адбываецца ніякіх амністый цэнтралізаваных.
2 жніўня 2021 года Сяргей Гардзіевіч суддзёй Іванаўскага суда Генадзем Кудласевічам быў пакараны 1 годам і 6 месяцамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу і паклёп на ўладу, і публічную абразу прэзідэнта. Да суду Гардзіевіч некалькі месяцаў правёў пад хатнім арыштам і ў СІЗА горада Баранавічы. Журналіст віны сваёй не прызнаў.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Драгічынскі журналіст, палітвязень Сяргей Гардзіевіч 27 кастрычніка выйшаў на волю са шклоўскай калоніі №17, цалкам адбыўшы тэрмін, паведамляе берасцейскае аддзяленне праваабарончага цэнтру “Вясна”.

У жніўні мінулага году суд Іванаўскага раёна прысудзіў яго да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Журналіста прызналі вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, паклёпе і публічнай абразе прэзідэнта. Справа была звязана з паведамленнямі і рэпостамі ў мясцовым чаце „Рэальны Драгічын”.
Да суду Гардзіевіч некалькі месяцаў правёў пад хатнім арыштам. Сваёй віны на судзе не прызнаваў.